Сетка для «інтэрнэту рэчаў» ад А1 стала асновай рашэння для забеспячэння пажарнай бяспекі ў месцах здабычы торфу | Навiны | Пра кампанію

Сетка для «інтэрнэту рэчаў» ад А1 стала асновай рашэння для забеспячэння пажарнай бяспекі ў месцах здабычы торфу

Аб кампаніі

Кампанія А1 выкарыстала сваю сетку NB-IoT для рэалізацыі новага праекта – цяпер абсталяванне з тэмпературнымі датчыкамі і інтэграванымі ў яго SIM-чыпамі ад А1 будзе кантраляваць тэмпературу торфу ў месцах яго захоўвання для прадухілення яго самаўзгарання. А для перадачы даных будзе выкарыстоўвацца «інтэрнэт рэчаў».

 

Самаўзгаранне торфу — актуальная праблема, з якой кожны год сутыкаюцца торфаздабыўчыя прадпрыемствы. Пры пэўных умовах усярэдзіне штабялёў, у якіх захоўваецца сабраны торф, пачынаецца працэс разагравання. Калі тэмпература дасягае 60-65 °С, сыравіна пачынае тлець і гарэць. Такія пажары маюць сур'ёзныя эканамічныя і экалагічныя наступствы. А адзіны спосаб іх прадухіліць — гэта пастаянна адсочваць тэмпературу ў тарфяных буртах.

 

Да гэтага часу такія замеры праводзіліся ўручную: персанал торфаздабыўчых прадпрыемстваў штодня абыходзіў караваны і збіраў звесткі пра іх стан. Але цяпер гэтую задачу выконваюць аўтаномныя комплексы тэлеметрыі Region-telematic, распрацаваныя ТАА «НВЦ «Еўрапрыбор» і пратэставаныя на базе УП «Брэстаблгаз». Комплекс можа кантраляваць да васьмі пунктаў тэмпературы ў дыяпазоне ад -60 °С да +300 °С, абыходзячыся пры гэтым без знешняй крыніцы сілкавання. Для тэлеметрыі выкарыстоўваецца нізкаэнергетычны NB-IoT-канал ад А1, а самі даныя могуць быць інтэграваныя ў любую сістэму дыспетчарызацыі або перададзены ў «воблака».

 

NB-IoT (Narrow Band Internet of Things) – гэта стандарт бесправадной сувязі, распрацаваны для «інтэрнэту рэчаў» (IoT). Ён забяспечвае працу прылад тэлеметрыі — у выпадках, калі крытычна важныя не шырыня канала і аб'ём даных, якія перадаюцца, а працяглы час аўтаномнай працы і шырокі ахоп сігналу.

 

Сетка NB-IoT працуе нават пры нізкім узроўні сігналу, таму з яе дапамогай можна збіраць даныя з датчыкаў, размешчаных у самых складаных і аддаленых лакацыях. А вялікая ёмістасць NB-IoT-сеткі дазваляе падключаць дзясяткі тысяч прылад на адну базавую станцыю. Пры гэтым у энергазберагальным рэжыме тэрмін працы ўбудаванай батарэі NB-IoT-прылад можа дасягаць дзесяці гадоў.

 

Цікавай асаблівасцю рашэння стаў выбар на карысць SIM-чыпаў замест традыцыйных SIM-карт. У адрозненне ад апошніх, чыпы мантуюцца непасрэдна на пячатную плату. І гэта забяспечвае цэлы шэраг пераваг — у першую чаргу, больш шырокі дыяпазон працоўных тэмператур і больш высокую электраўстойлівасць.

 

А1 засяродзіла сілы на разгортванні пакрыцця NB-IoT у адпаведнасці з патрэбамі арганізацыі-заказчыка. Сёння гэта сетка налічвае больш за 750 базавых станцый па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Там, дзе гэтага вымагаюць патрэбы заказчыка, кампанія падключае новыя магутнасці.

 

Укаранёная сістэма дазваляе праводзіць пастаянны маніторынг і адсочваць дынаміку змянення тэмпературы ўнутры тарфяных караванаў, прадухіляючы ўзнікненне самаўзгаранняў на палях здабычы. Аб'ём аднаго каравана можа дасягаць 10 тыс.куб.м. Калі ён згарае, страты толькі ад згубы торфу складаюць каля 300 тыс. рублёў. І ў разы ўзрастаюць, калі ўлічыць выдаткі на барацьбу з агнём сіламі МНС, шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей.

 

Акрамя торфаперапрацоўчых прадпрыемстваў, рашэнне на базе NB-IoT і комплексаў Region-telematic можа выкарыстоўвацца ў іншых сферах, дзе неабходны збор паказчыкаў тэмпературы. Напрыклад, зараз партнёры разглядаюць магчымасць яго выкарыстання ў сельскай гаспадарцы — для маніторынгу тэмпературы сенажу ў сіласных сховішчах. Акрамя таго, комплекс лёгка адаптуецца для кантролю ціску розных асяроддзяў, а таксама камбінаваных паказчыкаў (ціску і тэмпературы). Гэта дазваляе пашырыць сферу выкарыстання рашэння на прадпрыемствы энергетычнага, нафтахімічнага комплексаў, агульнай прамысловасці.