Аб кампаніі
A1 (Унітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «А1») – правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ- і кантэнт-паслуг у Беларусі. Камерцыйную дзейнасць кампанія распачала 16 красавіка 1999 г., стаўшыся першым мабільным аператарам стандарту GSM у краіне. З лістапада 2007 г. уваходзіць у склад міжнароднай групы A1 Telekom Austria Group, якая з'яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем транснацыянальнага холдынгу América Móvil, аднаго з найбуйнейшых сусветных правайдараў бесправадных паслуг. Да жніўня 2019 г. кампанія вяла аперацыйную дзейнасць пад брэндам velcom.
Абанентамі мабільнай сувязі A1 у Беларусі з'яўляюцца больш за 4,9 млн чалавек, звыш 1,1 млн дамагаспадарак маюць магчымасць доступа да сеткі фіксаванай сувязі па тэхналогіях GPON і Ethernet у абласных гарадах і найбуйнейшых раённых цэнтрах. Акрамя таго, A1 аказвае паслугі лічбавага тэлебачання IPTV пад брэндам VOKA, а таксама паслугі захоўвання дадзеных і воблачныя сэрвісы на базе ўласнага дата-цэнтра, аднаго з найбуйнейшых у краіне. У кампаніі працуюць каля 2700 чалавек, а фірмовыя цэнтры продажу і абслугоўвання размешчаны ва ўсіх буйных населеных пунктах краіны.
- 1999 г. – кампанія пачынае камерцыйную дзейнасць пад брэндам velcom.
- 2000 г. – GSM-сувязь ад velcom з'явілася ва ўсіх абласных гарадах Беларусі.
- 2007 г. – сувязь velcom стала даступнай для ўсяго гарадскога насельніцтва Беларусі.
- 2007 г. – velcom увайшоў у склад групы кампаній A1 Telekom Austria Group.
- 2008 г. – кампанія змяніла лагатып і назву на Унітарнае прадпрыемства «Вэлком».
- 2010 г. – кампанія перайшла да разгортвання 3G-сеткі.
- 2014 г. – у партфелі паслуг кампаніі з'явілася інтэрактыўнае тэлебачанне VOKA.
- 2016 г. – кампанія пабудавала і запусціла ў эксплуатацыю адну з найбуйнейшых у Беларусі сонечных электрастанцый.
- 2016 г. – запушчана мадэрнізацыя існуючай 3G-сеткі шляхам дадання да фармату UMTS-2100 больш перадавога UMTS-900.
- 2016–2018 гг. – кампанія стала актыўна развівацца на рынку фіксаванага інтэрнэту, абраўшы стратэгію інтэграцыі сетак, якія ўжо існавалі (далучэнне сетак кампаній «Атлант Тэлекам», «ТэлеСетка», «Гарант» у Гомелі і Віцебску і інш.), а таксама будаўніцтва ўласных сетак высакахуткаснага доступу да інтэрнэту па тэхналогіях Ethernet і GPON.
- 2017 г. – velcom стаў першым у свеце мабільным аператарам, які запусціў у камерцыйную эксплуатацыю цалкам віртуальнае ядро мабільнай сеткі.
- 2017 г. – у Мінску пачаў працаваць дата-цэнтр velcom – адзін з найбуйнейшых у Беларусі цэнтраў апрацоўкі дадзеных (ЦАД).
- 2017 г. - кампанія запусціла ў Мінску першую ў краіне вузкапалосную сетку NB-IoT (Narrow Band Internet of Things) для «інтэрнэту рэчаў». Да 2019 г. тэхналогія стала даступнай ва ўсіх абласных гарадах Беларусі.
- 2019 г. – распачата аказанне паслугі мабільнага інтэрнэту па тэхналогіі 4G у сетцы інфраструктурнага аператара beСloud у Мінску і Мінскім раёне.
- 2019 г. – кампанія абвясціла аб рэпазіцыянаванні на рынку і пачала выкарыстоўваць двайны брэнд velcom | A1.
- 2019 г. – кампанія завяршыла пераход да брэнду А1 і змяніла назву на Унітарнае прадпрыемства «А1».
Кампанія A1 аказвае на тэрыторыі Беларусі паслугі мабільнай сувязі стандарту GSM 900/1800, UMTS 900/2100 (WCDMA/HSDPA/HSUPA/HSPA+), а таксама 4G (LTE, у сетцы інфраструктурнага аператара beСloud). Абаненты маюць доступ да поўнага набору базавых паслуг, а таксама дадатковых сэрвісаў. Званкі HD-фармату і хуткасны інтэрнэт даступныя на тэрыторыі, на якой пражывае 99% насельніцтва краіны.
A1 таксама з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Беларусі прыватных аператараў фіксаванага інтэрнэт-доступу, прапануючы абанентам высакахуткасны доступ да інтэрнэту на аснове ўласнай оптавалаконнай сеткі па тэхналогіях Ethernet і GPON. Пры гэтым для кліентаў-юрыдычных асоб аказваецца комплекс паслуг па арганізацыі доступу ў інтэрнэт па індывідуальнай валаконнай лініі.
Актыўнае развіццё сеткі прыпала на 2016-2018 гг., калі да сеткі аператара далучыліся абаненты правайдараў «Атлант Тэлекам» (Мінск), «Айчына плюс» (Мінск), «Белінфанэт» (Мінск), «Гарант» (Гомель і Віцебск), «Саміт» (Полацк), «Ранак Медыя» (Светлагорск) і часткова «Дзелавая сетка» (Мінск).
У верасні 2017 г. A1 запусціў у Мінску уласны цэнтр апрацоўкі дадзеных (ЦАД). Дата-цэнтр займае плошчу ў 7,5 тыс. квадратных метраў і на сённяшні дзень з'яўляецца адным з найбуйнейшых і найбольш сучасных у Беларусі.
ЦАД разлічаны на 800 серверных стоек і мае ўласнае аптычнае кальцо – 43 кіламетры сеткі з прапускной здольнасцю 1 Тбіт/сек. Дата-цэнтр A1 валодае міжнародным сертыфікатам Uptime Institute (UI) па ўзроўні адмоваўстойлівасці Tier III у катэгорыях Design і Facility, сертыфікат PCI DSS, які пацвярджае забяспечанасць бяспекі інфраструктуры кліентаў і абарону дадзеных аплатных картак, а таксама сертыфікат інфармацыйнай бяспекі ISO 27001.
Кампанія A1 прапануе відэасэрвіс пад брэндам VOKA. Сэрвіс даступны па тэхналогіях IPTV у сетцы А1 і ОТТ праз сетку любога аператара Беларусі.
У 2018 г. у сэрвісе VOKA пачаў з'яўляцца уласны мэдыякантэнт: раздзелы «Наш футбол» і «Наш хакей» з трансляцыямі матчаў з удзелам беларускіх клубаў і зборных, live-трансляцыі канцэртаў, музычных фэстаў, канферэнцый і форумаў, а таксама трансляцыі кіберспартовых турніраў у раздзеле «Кіберспорт». У раздзеле VOKA SHOW даступныя агляды, міні-рэаліці і ТБ-шоў, створаныя эксклюзіўна для платформы. Акрамя таго, адным з ключавых напрамкаў у працы VOKA з'яўляецца стварэнне беларускамоўнага кантэнту.
У 2019 г. у відэасэрвісе VOKA з'явілася самая вялікая ў краіне бібліятэка кантэнту з ультравысокай адрознівальнай здольнасцю Ultra High-Definition (4K).
Для абанентаў кампаніі A1 наладжана праца 85 фірмовых цэнтраў продажу і абслугоўвання ў 31 населеных пунктах Беларусі, а таксама створана інтэрнэт-крама. Акрамя ўласнай сеткі гандлёвая марка A1 прадстаўлена больш чым у 500 дылерскіх салонах сувязі па ўсёй краіне. Варта дадаць, што A1 на сённяшні дзень – адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў смартфонаў і планшэтаў у Беларусі.
Кампанія А1 вядзе сваю дзейнасць у адпаведнасці з сусветнымі прынцыпамі экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання (ESG – Environmental. Social. Governance). Такая стратэгія вызначае адказнасць, якую А1 у Беларусі, як і ўся A1 Telekom Austria Group, бярэ на сябе, каб шукаць найбольш устойлівыя шляхі развіцця кампаніі, якія таксама дапамогуць клапаціцца аб навакольным асяроддзі і вырашаць важныя сацыяльныя пытанні.
Асаблівую ўвагу А1 надае тэме экалогіі і клопату аб навакольным асяроддзі, а таксама інклюзіі і грамадства роўных магчымасцяў. Кампанія ганарыцца доўгай гісторыяй дабрачыннасці і дапамогі дзіцячым медыцынскім установам, рэалізуе сацыяльныя адукацыйныя праекты для школьнікаў, дапамагае беларусам нанава адкрываць сваю культурную спадчыну і павышаць лічбавую пісьменнасць.
З 2020 года адным з прыярытэтаў кампаніі ў сферы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці стала экалогія. У адпаведнасці з прынцыпамі ESG (Environmental. Social. Governance) А1 вызначыла канкрэтныя мэты і задачы, якія з 2021 па 2025 гады кампанія плануе дасягнуць па трох асноўных кірунках: энергаэфектыўнасць, скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу і скарачэнне смеццевага следу. Яны зафіксаваны ў Экалагічнай палітыцы, якая закранае ўсе аспекты дзейнасці А1.