Пры падтрымцы А1 у Фрунзенскім раёне Мінска рэалізаваны арт-праект «Будучыня» | Навiны | Пра кампанію

Пры падтрымцы А1 у Фрунзенскім раёне Мінска рэалізаваны арт-праект «Будучыня»

Пры падтрымцы А1 рэалізаваны стрыт-арт праект «Будучыня» – буйны не толькі для Мінска, але і для ўсёй Усходняй Еўропы. Сумесная ініцыятыва Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, стрыт-арт-актывістаў Urban Myths і кампаніі А1 аб'яднала мастакоў з Беларусі, Сербіі і Іспаніі.

 

Тры манументальныя муралы на фасадах трох 12-павярховых жылых дамоў у мікрараёне Кунцаўшчына (па вул. Прытыцкага 134, 136 і 150) звязаныя адной творчай канцэпцыяй. Ідэя праекта «Будучыня» – паказаць сучасную Беларусь і яе рух у будучыню праз вобразы маладых людзей – новых герояў новага часу.

 

«Мы аб'ядналі намаганні з нашымі партнёрамі – Адміністрацыяй Фрунзенскага раёна і праектам Urban Myths – паколькі нам блізкая базавая ідэя праекта – спалучэнне традыцый і тэхналогій як аснова руху ў будучыню. І падобна да таго, як жыхары Мінска натхнілі ўдзельнікаў праекта на творчасць, крыніцай руху наперад для нас таксама становяцца жыхары нашай краіны і іх патрэбы. Акрамя таго, для нас праект «Будучыня» ў літаральным сэнсе прыгожая магчымасць яшчэ раз звярнуцца да тэмы падтрымкі нацыянальнай культуры і мовы. Першае знаходзіць сваё адлюстраванне ў звароце да беларускай міфалогіі і сімвалаў, а другое – у тым, што назвы самога трыпціха і ўсіх яго частак дадзены па-беларуску», – пракаментаваў ідэю праекта начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

Ужо зараз мінчане могуць пабачыць дзве з трох запланаваных прац – «Фрыланс» і «Лічбавы свет». Іх аўтары – мастакі Artez (Сербія) і Mutus (Беларусь) адпаведна. У цэнтры кожнага мурала – яркія вобразы, навеяныя ўражаннямі як ад сучаснага Мінска і яго насельнікаў, так і ад багатай гісторыі і культуры Беларусі. Мастак Artez чэрпаў натхненне ў паўсядзённым жыцці горада – ад метрапалітэна ў гадзіну пік да папулярных тусовачных месцаў беларускай сталіцы, – і звёў свае ўражанні да вобраза сучаснай дзяўчыны-фрылансера. А яго калега Mutus аб'яднаў у сваёй працы міфалогію і тэхналогіі: нітка лёсу пляцецца з лічбавага «воблака».

 

«Мінск – сучасны горад, які хутка развіваецца і расце, а Фрунзенскі раён – найбуйнейшы па колькасці жыхароў у сталіцы. Ідэя запрасіць мастакоў, каб надаць тыпавым жылым дамам, пабудаваным 30-40 гадоў таму, больш сучасны выгляд, падалася нам цікавай. А пасля апытання жыхароў мы зразумелі, што яны такую ідэю падтрымліваюць. Сёння мы шукаем новыя падыходы да добраўпарадкавання і змены аблічча раёна, і для нас важна стаўленне жыхароў да гэтага. У нас удала склаўся творчы альянс з кампаніяй А1 і актывістамі Urban Myths, вынік якога мы рады сёння паказаць мінчанам», – пракаментаваў першы намеснік главы адміністрацыі Фрунзенскага раёна Дзяніс Драпей.

 

Праект «Будучыня» выкананы ў тэхніцы фотарэалізму. Цікава, што ўсе мадэлі – рэальныя жыхары Мінска, якіх самі мастакі заўважылі на вуліцах горада і адлюстравалі ў сваіх працах.

 

«Стрыт-арт у сучаснай культуры – гэта сімвалічны зварот да гараджан праз мастацкае выказванне. Таму важна, што сёння эпіцэнтр мінскага стрыт-арту перамяшчаецца ў спальныя раёны, дзе жыве вельмі шмат людзей. Тэма нашага праекта – сучасная Беларусь, яе ўнікальнасць, непарыўная сувязь будучыні і з традыцыямі, і з высокімі тэхналогіямі. Гэтым праектам мы хочам натхніць мінчан і гасцей горада на роздум пра важныя рэчы – пра наша жыццё, пра сучаснасць і будучыню краіны. Мы спадзяёмся, што дыялог горада з жыхарамі дзякуючы гэтаму праекту стане больш насычаным і прадуктыўным. І мы рады, што ў гэтым гуманітарным уплыве актыўна ўдзельнічае і горад, і бізнес у выглядзе кампаніі А1», – адзначыў каардынатар праекта Алег Ларычаў.

 

Праект «Будучыня» будзе скончаны ў лістападзе бягучага года. Трэцім яго ўдзельнікам стане мастак Slim – малады, але ўжо знакаміты стрыт-артыст з Іспаніі. Ён прыедзе ў Беларусь у лістападзе і возьмецца за працу ў пары са сваім калегам Jofre Oliveras. У аснове творчай канцэпцыі мурала Slim – тэма сям'і і ўзаемнай падтрымкі як найважнейшай каштоўнасці для беларусаў. У ролі галоўных герояў праекта выступяць дзеці, у руках якіх – і сучасныя тэхналогіі, і будучыня краіны.