У Сусветны дзень мастацтва VOKA пакажа анлайн-экскурсію па выставе Лазара Хідэкеля | Навiны | Пра кампанію

У Сусветны дзень мастацтва VOKA пакажа анлайн-экскурсію па выставе Лазара Хідэкеля

У Сусветны дзень мастацтва, 15 красавіка, на відэасэрвісе VOKA пакажуць анлайн-экскурсію па выставе Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз сто гадоў». Пазнаёміцца з творчасцю мастака-авангардыста, першага ў свеце супрэматычнага архітэктара і аднаго з заснавальнікаў творчага аб'яднання УНОВІС усе жадаючыя змогуць бясплатна з любога пункту свету. Экскурсія прымеркаваная да закрыцця выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Эфір пачнецца а 19:00.

 

Экскурсія праводзіцца ў межах праекта #UNOVIS100, які рэалізуецца кампаніяй А1, Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА ў Беларусі. Першая ў Беларусі персанальная выстава Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз сто гадоў» была адкрыта ў дзень стагоддзя творчага аб'яднання УНОВІС, створанага па ініцыятыве Казіміра Малевіча стагоддзе таму ў Віцебску.

Менавіта там нарадзіўся Лазар Хідэкель, вучыўся ў мясцовым народным мастацкім вучылішчы ў Марка Шагала, Мсціслава Дабужынскага, Лазара Лісіцкага, а пасля і ў Малевіча. А ўжо ў 16 год узначаліў архітэктурную майстэрню вучылішча і менавіта архітэктуры прысвяціў сваё жыццё.

 

Анлайн-экскурсію правядзе Кацярына Ізафатава – адна з куратараў выставы, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства. Яна раскажа, у чым значэнне творчасці Лазара Хідэкеля, у чым ён апярэдзіў свой час і што такое супрэматычная архітэктура.

 

Спецыяльна для выставы ў Мінску з Нью-Ёрка былі дастаўлены каля 100 арыгінальных работ, перададзеных спадчыннікамі Лазара Хідэкеля: эскізы касмічнага жылля, планы «Горада-саду», «Аэрагорада», «Аквагорада», першы архітэктурны экалагічны маніфест «АЭРА», а таксама дакументы часоў УНОВІСа. Анлайн-экскурсія дазволіць пазнаёміцца з творчасцю Лазара Хідэкеля ўсім, хто не паспеў наведаць экспазіцыю ў музеі, цікавіцца тэмай авангарда ці толькі пачынае пазнаваць гэта напрамак мастацтва.

Экскурсія 15 красавіка будзе даступная а 19:00 у мабільным дадатку VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі і іншых краін свету без аўтарызацыі. У рамках праекта #UNOVIS100 да канца года на сэрвісе таксама будзе даступны бясплатны прагляд дакументальнага фільма Яўгена Сяцько «УНОВІС» пра гісторыю аб'яднання.

 

VOKA працягвае знаёміць гледачоў з розных краін з культурнымі з'явамі Беларусі розных напрамкаў і жанраў. Запатрабаванасць такога кантэнту пацвярджае поспех сусветнай трансляцыі легендарнага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Паўлінка», якая сабрала больш за 20 тысяч гледачоў ад Канады да Японіі. З любога пункту свету на VOKA можна паглядзець і адзначаны на міжнародных фестывалях дакументальны фільм «Хто апошні?» пра Сямейны інклюзіў-тэатр «і».