«Венскі баль з А1 у Купалаўскім» пройдзе ў новым фармаце | Навiны | Пра кампанію

«Венскі баль з А1 у Купалаўскім» пройдзе ў новым фармаце

«Венскі баль з А1 у Купалаўскім», правядзенне якога было запланавана на 14 снежня 2019 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, адбудзецца ў новым фармаце. Арганізатары прынялі запрашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на адрас аргкамітэта балю далучыцца да правядзення Венскага балю ў Палацы Незалежнасці 27 снежня 2019 года.

 

«Мы ўсведамляем, што са змяненнем фармату нашага мерапрыемства адказнасць, ускладзеная на кожнага, хто ўдзельнічае ў яго падрыхтоўцы і правядзенні, значна ўзрастае. Статус партнёра галоўнага балю краіны, безумоўна, пачэсная місія для кампаніі А1. І ў той жа час мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто захацеў стаць часткай першага «Венскага балю з А1 у Купалаўскім»: прайшоў строгі адбор у дэбютанты, набыў квіткі, знайшоў час для дадатковых заняткаў танцамі і проста з нецярплівасцю чакаў гэтай падзеі. Таму лічым сваім абавязкам знайсці і прапанаваць кожнаму з іх прымальнае альтэрнатыўнае рашэнне», — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.

 

Усім, хто не змог трапіць на баль у Купалаўскі ў сувязі са зменай яго фармату, неабходна здаць набытыя квіткі: права наведаць баль у Палацы Незалежнасці яны не даюць.

 

Пры здачы білетаў будзе ажыццяўляцца зварот іх кошту ў памеры 100%. Акрамя таго, кожны ўладальнік білета на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» атрымае ўзамен запрашэнне на дзве асобы на эксклюзіўную прэм'еру новага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — «Кароль Лір». Запрашэнне будзе ўручацца ў момант здачы квіткоў (зварот сродкаў за іх будзе ажыццяўляцца ў касах тэатра па адрасе вул. Энгельса, 7а з 4 па 20 снежня), а сам эксклюзіўны паказ адбудзецца 18 лютага 2020 года.

 

Нязменнай умовай правядзення Венскага балю ў Палацы Незалежнасці стане ўдзел у ім дэбютантаў, якія прайшлі адпаведны адбор і ўдзельнічалі ў рэпетыцыях. Усе яны ў поўным складзе атрымаюць магчымасць выступіць перад гасцямі балю 27 снежня. Акрамя таго, дэбютанты і іх бацькі таксама атрымаюць запрашэнні на эксклюзіўны паказ спектакля «Кароль Лір».

 

Застаецца ў сіле і дабрачынны складальнік мерапрыемства як неад'емная частка традыцыйных венскіх баляў. Кампанія А1 возьме на сябе абавязак і накіруе на адрас грамадскага аб'яднання «SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь» суму, эквівалентную 50% кошту квіткоў, якія паступілі ў продаж на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім».