У VOKA CINEMA адкрываецца кінаклуб «Артфармат» | Навiны | Пра кампанію

У VOKA CINEMA адкрываецца кінаклуб «Артфармат»

Відэасэрвіс VOKA і сетка кінатэатраў Silver Screen адкрываюць кінаклуб «Артфармат». На першай сустрэчы 3 лістапада на вялікім экране пакажуць дакументальны фільм Паўла Селіна «Юра музыкант» пра нязменнага лідара гурта «ДДТ» Юрыя Шаўчука.

 

Праект «Артфармат» створаны для таго, каб у аматараў аўтарскага кіно была магчымасць збірацца і разам глядзець фестывальныя хіты на мове арыгінала, абмяркоўваць гэтыя фільмы і знаёміцца з іх стваральнікамі. Пляцоўкамі для такіх сустрэч стануць кінатэатры VOKA CINEMA і Silver Screen. Гасцямі спецыяльных паказаў будуць як рэжысёры ці ўдзельнікі здымачнага працэсу, так і эксперты ў тэмах, якія закранаюцца ў кіно.

 

Першым у «Артфармаце» абмяркуюць фільм 2018 года «Юра музыкант», названы самым маштабным дакументальным праектам пра легенду рускага рока – заснавальніка і нязменнага лідара гурта «ДДТ» Юрыя Шаўчука. Закуліссе канцэртаў, праца над альбомамі, рэпетыцыі і выступы перад шматтысячнымі заламі ў дзясятках гарадоў – каб усё гэта зафіксаваць, здымачная група суправаджала музыканта на працягу 11 гадоў.

 

«За гэтыя гады здымкі то спыняліся, то нейкім дзівам аднаўляліся. Чаму я гэта рабіў? Таму што для мяне Шаўчук – своеасаблівы камертон рэальнасці. Ён як ніхто здольны прапусціць праз сябе жыццё і ўвасобіць яго ў слове. А гэты фільм – спроба вачамі майго героя ўбачыць, як змянілася Расія за 11 гадоў, вершы Шаўчука і ён сам, яго музыка, гурт ДДТ», – адзначыў аўтар сцэнарыя і рэжысёр Павел Селін.

 

Сваё кіно гэты вядомы расійскі журналіст, добра знаёмы гледачам па праектах канала НТВ «Программа Максимум», «Намедни», «Последнее слово» і іншых, прыедзе прэзентаваць асабіста.

 

Паказ фільма «Юра музыкант» адбудзецца 3 лістапада а 19 гадзіне ў зале VOKA CINEMA (вул. Пятра Мсціслаўца, 11).