У цэнтры лічбавых паслуг А1 адчынілася інклюзіўная кавярня
4 лістапада ў цэнтры лічбавых паслуг А1 адчынілася кавярня «Інклюзіўны барыста». Першыя наведвальнікі змаглі не толькі ацаніць смак першакласнай кавы, але і пераканацца ў тым, што тут няма ніякіх абмежаванняў для людзей з інваліднасцю. Безбар'ернае асяроддзе створана не толькі для гасцей, але таксама для работнікаў.
Рабяты з «Інклюзіўнага барыста» ўжо здзівілі ўсіх, калі за адзін месяц змаглі адкрыць сваё месца, размясціўшы пост у Facebook пра тое, што шукаюць партнёраў. СЕО кампаніі Гельмут Дуз запрасіў заснавальніка праекта Аляксандра Аўдзевіча і дырэктара кавярні Васю Паўлікава на перамовы напачатку кастрычніка, і ў гэты ж дзень пачалася падрыхтоўка да адкрыцця кавярні.
На адкрыцці гасцям прэзентавалі незвычайныя кубкі, надпісы на якіх зроблены шрыфтам Брайля, а ідэйны натхняльнік праекта Аляксандр Аўдзевіч прадставіў сваіх супрацоўнікаў. Варыць каву для наведвальнікаў будуць чацвёра барыста-вазочнікаў, кіраваць якімі будзе Васіль Паўлікаў, першы ў Беларусі дырэктар з сіндромам Даўна. На адкрыцці кавярні Васіль урачыста запусціў кава-машыну.
«Кавярня ў флагманскай краме — гэта першы супольны праект кампаніі А1 і «Інклюзіўнага барыста». Мы рады супрацоўнічаць з рабятамі, якія робяць вельмі шмат для развіцця інклюзіўнага грамадства ў Беларусі. За гэтым праектам стаяць выдатныя людзі: Аляксандр Аўдзевіч, Васіль Паўлікаў, рабяты-барыста, якія кожны дзень даказваюць, што ўсе бар'еры можна і трэба пераадольваць. Мы, у сваю чаргу, рады, што кампанія А1 змагла прапанаваць умовы, якія задаволілі рабят», — расказвае начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.
«Інклюзіўны барыста» у А1 — гэта першае месца ў Мінску, дзе абсталявана барная стойка-трансформер, якая адаптавана пад рост і фізічныя магчымасці супрацоўнікаў: вазочнік, чалавек з нізкім ці высокім ростам зможа адрэгуляваць працоўнае месца так, як яму зручна.
«Нам хацелася, каб у нашай кавярні зручна было ўсім: і наведвальнікам, і супрацоўнікам, — расказвае Аляксандр Аўдзевіч, — каб барыста думалі пра тое, як зварыць добрую каву, а не пра тое, як падстроіцца пад сваё працоўнае месца. Дзякуючы падтрымцы А1 у нас з'явілася суперсучасная стойка. Таксама мы хочам, каб наша кавярня была экалагічнай, таму мы адмовіліся ад традыцыйнага меню на паперы, і ўвесь асартымент нашых дэсертаў і напояў будзе праецыравацца на сцяну».
На кубачкі ў кавярні нанесеныя партрэты і гісторыі барыста. Зроблена гэта для таго, каб наведвальнікі кавярні ведалі, што яны заўсёды могуць не толькі назваць барыста па імені, але і пагаварыць з імі, прачытаўшы на кубачках, чым цікавяцца супрацоўнікі, акрамя таго, што вараць добрую каву.
Пра запланаваны запуск стала вядома некалькі тыдняў таму. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі да праекта сталі падключацца іншыя партнёры. Так, банкаўскі сэрвіс у кавярні «Інклюзіўны барыста» забяспечвае Альфа-банк. Рабяты кажуць, што заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва з партнёрамі, якія раздзяляюць падобныя каштоўнасці, і запрашаюць усіх у госці на каву.
У праекта «Інклюзіўны барыста» можа быць працяг: калі падобны фармат спадабаецца кліентам А1, то такія кавярні могуць стаць асаблівасцю і іншых крам кампаніі.
Адрас кавярні «Інклюзіўны барыста»: вуліца Інтэрнацыянальная, 36, флагманскі цэнтр лічбавых паслуг А1, уваход з боку Кастрычніцкай плошчы. Працуе штодзённа з 9.00 да 21.00.