У сістэму газазабеспячэння Брэсцкай вобласці прыйшоў «інтэрнэт рэчаў» ад А1
У Брэсцкай вобласці рэалізаваны праект па лічбавізацыі сістэм газазабеспячэння: цяпер аддалены кантроль паказчыкаў вузлавых пунктаў газаправодаў ажыццяўляецца з дапамогай сеткі «інтэрнэту рэчаў». Партнёрам праекта выступіў правайдар А1.
У рамках праекта са снежня 2019 года на 84 газаразмеркавальных пунктах Брэсцкай вобласці былі ўсталяваныя новыя кантролеры па аддаленым зборы даных, якія працуюць у сетцы NB-IoT ад А1. Акрамя таго, кампанія А1 таксама выступіла пастаўшчыком спецыяльных SIM-чыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым абсталяванні замест стандартных SIM-карт.
У сістэме газазабеспячэння кантролеры тэлеметрыі газарэгулятарных пунктаў неабходныя для таго, каб кантраляваць узровень уваходнага і выходнага ціску газу ў сетцы для падтрымання яго на пастаянным узроўні незалежна ад узроўню спажывання. Новае абсталяванне дазволіць кантраляваць іх нармальную працу, а таксама адпраўляць экстранныя паведамленні пра выхад уваходнага і выходнага ціску газу за межы вызначанага дыяпазону, тэмпературу, спрацоўванне ахоўных і засцерагальных прылад і г. д.
Сярод пераваг рашэння ў параўнанні з традыцыйным падыходам можна вылучыць: нізкі сабекошт абсталявання і адсутнасць выдаткаў на абслугоўванне комплексу на працягу не менш як 6 гадоў бесперапыннай эксплуатацыі; высокую надзейнасць складнікаў; паменшаныя габарытныя памеры; спрошчаны мантаж, перадачу даных на рэгіянальны ўзровень дыспетчарскага пункта ці ў воблачны сэрвіс з дапамогай сотавай сувязі па энергаэфектыўнай тэхналогіі NB-IoT; адсутнасць неабходнасці абслугоўвання, а таксама метралагічнай паверкі.
«За некалькі месяцаў эксплуатацыі мы мелі магчымасць пераканацца ў перавагах новых кантролераў і правільнасці выбару, зробленага на карысць сучасных спосабаў тэлеметрыі з выкарыстаннем сеткі NB-IoT. Разам з кампаніяй А1 у нас атрымалася рэалізаваць надзейную, эфектыўную і максімальна аўтаномную сістэму кантролю працы абсталявання газаразмеркавальных пунктаў, сігналізацыі і перадачы даных на цэнтральны дыспетчарскі пункт з дапамогай бесправадной сувязі. Мы задаволеныя вынікамі першага этапу праекта і разлічваем на яго не менш паспяховы працяг», – адзначыў прадстаўнік УП «Брэстаблгаз».
Агулам у Брэсцкай вобласці ў рамках праекта плануецца мадэрнізаваць каля 570 аналагічных аб'ектаў.
«Як правайдар тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг кампанія А1 бачыць вялікія перспектывы ў развіцці тэхналогій для «інтэрнэту рэчаў». Укараненне такіх рашэнняў дэманструе, што пераход на лічбавыя лічыльнікі, датчыкі і іншыя прылады аблягчае жыццё не толькі звычайных спажыўцоў, але і істотна павялічвае эфектыўнасць працы беларускіх прадпрыемстваў. Паспяховая рэалізацыя пілотнага праекта з «Брэстаблгазам» і «Еўрапрыборам» у перспектыве дазволіць выкарыстаць гэты вопыт для маштабавання рашэння на іншыя аб'екты сістэмы газазабеспячэння па ўсёй краіне, а таксама ў іншых сферах», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па развіцці карпаратыўнага сегмента кампаніі А1 Роберт Дашан.