«У адным рытме з А1»: на стадыёне «Дынама» пройдзе спартыўна-музычны дабрачынны фестываль | Навiны | Пра кампанію

«У адным рытме з А1»: на стадыёне «Дынама» пройдзе спартыўна-музычны дабрачынны фестываль

Кампанія А1 разам са стадыёнам «Дынама» запрашаюць на фестываль «У адным рытме з А1», які адбудзецца 20 жніўня ў Мінску. Усе жадаючыя змогуць далучыцца да новага фармату дабрачыннасці: паўдзельнічаць у спартыўных актыўнасцях пад дынамічную музыку, каб агульнымі намаганнямі дапамагчы сабраць сродкі на закупку высокатэхналагічнага інавацыйнага дыягнастычнага абсталявання для Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў.

 

Калі мы слухаем музыку, асабліва з моцным і рытмічным бітам, наша сэрца пачынае біцца часцей. Тое ж самае адбываецца, калі чалавек займаецца спортам ці адчувае радасць ад здзяйснення добрых спраў. Менавіта таму пульс стаў сімвалам фестывалю: кампанія А1 збярэ «ўдары сэрца» ўсіх удзельнікаў мерапрыемства і канвертуе яго ў фінансавую дапамогу Рэспубліканскаму рэабілітацыйнаму цэнтру для дзяцей-інвалідаў.

 

На працягу дня на стадыёне «Дынама» будуць працаваць пляцоўкі, куды можа прыйсці кожны, хто хоча патрэніравацца на галоўнай спартыўнай арэне краіны, паслухаць музыку і зрабіць асабісты ўнёсак у агульную добрую справу. Мерапрыемства абсалютна бясплатнае для ўдзельнікаў па папярэдняй рэгістрацыі на сайце pulse.a1.by.

 

«Адным з ключавых кірункаў ESG-стратэгіі кампаніі А1 з'яўляецца дапамога дзецям. Сёлета мы прынялі рашэнне паспрабаваць новы фармат і арганізаваць фестываль, на якім ва ўсіх прысутных будзе магчымасць падтрымаць актыўны лад жыцця, заняцца спортам і далучыцца да добрай і вельмі важнай справы. Кожны ўдзельнік фестывалю «У адным рытме з А1» зможа зрабіць свой унёсак у агульную справу і аказаць рэальную дапамогу Рэспубліканскаму рэабілітацыйнаму цэнтру для дзяцей-інвалідаў», – адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 Мікалай Юшкевіч.

 

Пры ўваходзе на стадыён кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымае індывідуальную картку. Менавіта ў яе будзе ставіцца адзнака «10 удараў пульсу» за наведванне любой са спартыўных лакацый на выбар. Цалкам запоўненая картка будзе азначаць максімальны ўнёсак удзельніка ў агульную скарбонку дабрачыннага фестывалю. Па выніках мерапрыемства кампанія А1 акажа спонсарскую дапамогу Рэспубліканскаму цэнтру рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў на набыццё высокатэхналагічнага інавацыйнага дыягнастычнага абсталявання.

 

«Мы дзякуем А1 за падтрымку нашага цэнтра, таму што ведаем, як важна ў нашай справе знайсці аднадумцаў з агульнымі каштоўнасцямі. Новая ініцыятыва кампаніі – гэта не толькі важны крок для сацыяльнай інтэграцыі дзяцей-інвалідаў і дапамогі ім, але яшчэ і маштабная музычна-спартыўная падзея, здольная прыцягнуць увагу да ідэй дабрачыннасці самых розных людзей», – адзначыла дырэктар Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў Людміла Кандрашова.

 

Мерапрыемства будуць суправаджаць сэты ад розных дыджэяў. Рытмічная музыка дапаможа ўдзельнікам трэніравацца з большым задавальненнем і эфектыўнасцю. Акрамя таго, частка стадыёна будзе выдзелена пад танцпол, дзе фізічная актыўнасць удзельнікаў таксама будзе ўлічвацца ў агульным заліку дабрачыннага фестывалю.

 

Усяго для гасцей фестывалю «У адным рытме з А1» будзе абсталявана некалькі тэматычных пляцовак, каб кожны наведвальнік знайшоў для сябе цікавы занятак: заняўся ёгай і пілатэсам, узяў удзел у танцавальных трэніроўках, паспаборнічаў у актыўных гульнях або папрактыкаваўся ў набіванні футбольнага мяча. Усе актыўнасці будуць праходзіць пад кантролем прафесійных трэнераў.

 

Акрамя таго, праграма прадугледжвае цікавыя майстар-класы, а таксама магчымасць зносін і абмену вопытам з вядомымі блогерамі, спартсменамі і іншымі гасцямі.

 

Атрымаць усю падрабязную інфармацыю пра фестываль і зарэгістравацца на мерапрыемства можна на сайце puls e.a1.by.

 

«У адным рытме з А1» – гэта працяг спартыўнага дабрачыннага праекта «100 гадзін з А1», які некалькі гадоў запар збіраў разам самых розных людзей, аб'яднаных ідэй актыўнага ладу жыцця і жаданнем дапамагаць дзецям. Новы фестываль – чарговы этап у шматгадовай дзейнасці кампаніі ў сферы дабрачыннасці ў адпаведнасці з карпаратыўнай ESG-стратэгіяй, скіраванай на дапамогу тым, хто мае ў ёй асаблівую патрэбу.