Цяпер і ў сельскай мясцовасці: A1 і beСloud павялічылі 4G-пакрыццё на Магілёўшчыне ў 7 разоў | Навiны | Пра кампанію

Цяпер і ў сельскай мясцовасці: A1 і beСloud павялічылі 4G-пакрыццё на Магілёўшчыне ў 7 разоў

Правайдар тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг A1 і інфраструктурны аператар beCloud завяршылі праект па запуску сувязі стандарту 4G у Магілёўскай вобласці, пашырыўшы 4G-пакрыццё амаль у 7 разоў. Цяпер высакахуткасны мабільны інтэрнэт па тэхналогіі LTE стаў даступны больш чым на 81% тэрыторыі рэгіёну, дзе жыве больш за 99% яго насельніцтва.

 

Найбольш значным прырост пакрыцця 4G быў у Глускім раёне: больш чым у 20 разоў. У лік лідараў па гэтым паказчыку таксама трапілі Клічаўскі раён (зона пакрыцця 4G тут павялічылася ў 17 разоў), Чавускі і Чэрыкаўскі раёны (прырост – у 15 разоў), Асіповіцкі, Бялыніцкі і Шклоўскі раёны (прырост – у 13 разоў). Менавіта іх жыхары змогуць адчуць максімальны эфект ад разгортвання мабільнай сеткі па тэхналогіі LTE. Новы дыяпазон 800 МГЦ, выкарыстаны beCloud пры разгортванні сеткі ў рэгіёне, дазваляе пакрыць сельскую мясцовасць і аўтамабільныя дарогі.

 

Лідарамі па тэрытарыяльным пакрыцці сталі Гарэцкі, Дрыбінскі, Крычаўскі, Магілёўскі і Шклоўскі раёны: у кожным з іх сувяззю 4G забяспечана больш за 90 % тэрыторыі. А ў Магілёўскім і Бабруйскім раёнах доступ да сувязі чацвёртага пакалення атрымалі 100 % насельніцтва.

 

Для размяшчэння абсталявання, якое забяспечвае пакрыццё 4G, у Магілёўскай вобласці beCloud было задзейнічана больш за 440 базавых станцый, з іх больш за палову – у новым дыяпазоне 800 МГЦ. Пры гэтым самая вялікая колькасць базавых станцый у новым стандарце была запушчана ў Магілёўскім і Бабруйскім раёнах.

 

Сувяззю па стандарце 4G змогуць карыстацца тыя абаненты А1, чые SIM-карты і мабільныя прылады падтрымліваюць дадзеную тэхналогію. Праверыць гатоўнасць прылады да працы ў новай сетцы можна ў меню «Наладкі», выбраўшы адпаведныя параметры – 3G/4G ці LTE. Пры гэтым на экране з'явіцца адзнака, якая пацвярджае магчымасць карыстання паслугай перадачы даных у сетцы 4G.

 

Падтрымку 4G сваёй SIM-картай абаненты A1 могуць праверыць з дапамогай бясплатнага USSD-запыту *181#выклік. У адказ аператар адправіць SMS з вынікам праверкі смартфона і SIM-карты. У выпадку, калі SIM-карта не падтрымлівае 4G, яе можна замяніць бясплатна ў любой краме кампаніі ці дылерскіх цэнтрах.

 

Супрацоўніцтва паміж кампаніямі А1 і beCloud па пашырэнні зоны пакрыцця 4G на тэрыторыі Беларусі працягваецца са студзеня 2020 года. beCloud як інфраструктурны аператар займаецца будаўніцтвам, эксплуатацыяй і развіццём адзінай сеткі LTE Advanced у Беларусі. З боку А1 партнёрства заключаецца ў выдзяленні beCloud сваёй тэхнічнай інфраструктуры, а таксама транспартнай сеткі на аснове гібрыдных, радыёрэлейных і оптавалаконных ліній сувязі для ўстаноўкі абсталявання інфраструктурнага аператара, якое забяспечвае працу сувязі чацвёртага пакалення.

 

Магілёўская вобласць стала другой, дзе было забяспечана практычна паўсюднае пакрыццё сеткі 4G для абанентаў А1. Раней – напрыканцы ліпеня 2020 года – аналагічны праект быў рэалізаваны ў Гомельскай вобласці. Сёння пакрыццё 4G ад А1 складае 34% тэрыторыі краіны, на якой жыве 84% усяго насельніцтва.

 

У 2021 годзе сумесны праект А1 і beCloud працягнецца ў іншых рэгіёнах Беларусі. Да 2023 года зона пакрыцця сеткі 4G для абанентаў А1 па ўсёй краіне практычна зраўнуецца з існуючай на дадзены момант зонай пакрыцця 3G-сеткі А1, забяспечыўшы доступ да высакахуткаснага мабільнага інтэрнэту 4G жыхарам Беларусі, якія жывуць на больш чым 97% тэрыторыі краіны.