Супрацоўнікі кампаніі А1 споўнілі навагоднія жаданні выхаванцаў сацыяльна-педагагічных устаноў у Мінску і Бабруйску
Напярэдадні Новага года супрацоўнікі кампаніі А1 споўнілі навагоднія жаданні выхаванцаў дзіцячага дома ў Бабруйску і сацыяльна-педагагічнага цэнтра Цэнтральнага раёна Мінска, а таксама сабралі неабходныя рэчы, якія дапамогуць дзецям у штодзённым жыцці.
З 16 па 29 снежня ў офісе А1 адмыслова да свят стварылі лакацыю, дзе можна было выбраць канверт з персанальным пажаданнем дзіцяці і падрыхтаваць для яго асаблівы падарунак, а таксама перадаць рэчы для агульнага карыстання. Набытыя супрацоўнікамі А1 тавары былі дастаўлены ў сацыяльна-педагагічныя ўстановы ў рамках акцыі «Нашы дзеці».

Для аўтараў лістоў з Бабруйска 29 снежня была арганізавана экскурсія па галоўным офісе А1 у Мінску, пасля якой супрацоўнікі кампаніі асабіста змаглі зладзіць сюрпрыз для гасцей і ўбачыць шчырую рэакцыю дзяцей на тое, як спраўджваюцца іх жаданні. Гэта сустрэча стала кранальным і цёплым завяршэннем года, а таксама важным момантам для ўсіх удзельнікаў.

«Падтрымка дзяцей – адзін з прыярытэтных кірункаў ESG стратэгіі А1. У 2025 годзе спонсарскую дапамогу ад А1 атрымалі больш за дваццаць дзіцячых, медыцынскіх і сацыяльных устаноў ва ўсёй краіне. Напярэдадні навагодніх свят супрацоўнікі кампаніі таксама зрабілі свой унёсак і дапамаглі сабраць неабходныя рэчы для выхаванцаў дзіцячых устаноў», – адзначылі ў А1.

Дабрачынныя ініцыятывы А1 ужо шмат гадоў яднаюць супрацоўнікаў вакол дапамогі дзецям, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах. Кампанія паслядоўна рэалізуе праекты ў сацыяльнай сферы: падтрымлівае спартыўны брэнд «А1 Юніёр», створаны сумесна з футбольным клубам «Юніёр», з’яўляецца партнёрам тэатра «i», а таксама арганізуе масавыя дабрачынныя актыўнасці для беларусаў.