Праект А1 і БДФ «Я бачу!» пашырыўся: у Віцебскай вобласці тры брыгады ўрачоў правяраюць зрок у школьнікаў | Навiны | Пра кампанію

Праект А1 і БДФ «Я бачу!» пашырыўся: у Віцебскай вобласці тры брыгады ўрачоў правяраюць зрок у школьнікаў

З пачаткам навучальнага года аднавіліся агляды школьнікаў у Віцебскай вобласці ў рамках маштабнага дабрачыннага праекта «Я бачу!». Да двух дзеючых брыгад урачоў-афтальмолагаў далучылася трэцяя, якая будзе працаваць у Браслаўскім і Пастаўскім раёнах. Такое новаўвядзенне дазволіць урачам у рамках праекта агледзець у агульнай колькасці 15 000 школьнікаў з 21 раёна Віцебскай вобласці.

 

Праект «Я бачу!» рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй A1 пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З верасня па снежань 2019 года мабільныя брыгады медыкаў працягнуць сваю працу ў Мёрскім, Талачынскім, Чашніцкім, Лёзненскім, Гарадоцкім, Віцебскам, Ушацкім, Шаркаўшчынскім, Шумілінскім, Полацкім, Лепельскім, Браслаўскім і Пастаўскім раёнах. У гэты перыяд каля 10 000 школьнікаў атрымаюць кансультацыі афтальмолагаў.

Агляды па месцы навучання праходзяць для таго, каб вучні 1-11 класаў як мага раней даведаліся пра магчымыя парушэнні зроку і маглі атрымаць своечасовую дапамогу. Усім неабходным для праверкі зроку абсталяваныя тры аўтамабілі, якія выкарыстоўваюцца для выязной працы ўрачоў-афтальмолагаў. Па выніках аглядаў школьнікам выдаюць медыцынскія заключэнні аб стане зроку, пры неабходнасці рэцэпты і накіраванні на далейшую дыягностыку ці аператыўнае лячэнне. Усе дзеці таксама атрымліваюць памяткі з правіламі захавання здароўя вачэй.

 

Першы этап праекта ў Віцебскай вобласці адбыўся вясной (напярэдадні летніх канікул) у сельскіх школах Аршанскага, Дубровенскага, Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Расонскага і Сенненскага раёнаў. За тры вясновыя месяцы дыягностыку зроку прайшлі каля 5,5 тысяч вучняў. Больш чым у 30% дзяцей былі выяўлены праблемы са зрокам.

«Клопат пра здароўе дзяцей – адна з прыярытэтных задач нашай арганізацыі. У тым ліку клопат пра захаванне зроку школьнікаў, а значыць, і пра якасць іх жыцця. Дзякуючы рэалізацыі дабрачыннага праекта «Я бачу!» ужо чацвёрты год афтальмалагічная дапамога прыходзіць да дзяцей туды, дзе яны жывуць і вучацца, бацькі тут жа сустракаюцца з урачамі і атрымліваюць кансультацыі па стане здароўя свайго дзіцяці. Бо многія дзеці і іх бацькі даведваюцца пра праблемы зроку толькі з прыездам урачоў мабільных брыгад. А чым раней будзе пачата лячэнне, тым большая верагоднасць не дапусціць складаных паталогій», – расказала намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова.

 

Праца мабільных брыгад, набыццё спецыяльнага абсталявання, аплата працы афтальмолагаў і іншыя расходы, звязаныя з рэалізацыяй праекта, фінансуюцца Беларускім дзіцячым фондам са сродкаў, сабраных кампаніяй A1 падчас штогадовай дабрачыннай акцыі «Рабіць дабро так проста!». У 2019 годзе на рахунак фонду было пералічана 176 920 рублёў.

«Дапамога дзецям застаецца нязменным прыярытэтам карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1. Ужо на працягу чатырох гадоў дзякуючы праекту «Я бачу!» своечасовую афтальмалагічную дапамогу атрымліваюць тысячы дзяцей па ўсёй краіне. Зараз да праекта далучылася дадатковая брыгада ўрачоў, што дазволіць ахапіць яшчэ большую колькасць навучальных устаноў. І працягнуць не толькі выяўляць праблемы са зрокам, але і гаварыць са школьнікамі пра спосабы іх не дапусціць», – адзначыў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці A1 Віктар Пазднякоў.

 

Віцебская вобласць – чацвёрты з рэгіёнаў Беларусі, дзе праводзіцца сумесны праект «Я бачу!» Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі A1. З 2016 па 2018 год ужо прайшлі агляды ў Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях, што дазволіла праверыць зрок у 36 800 дзяцей. Розныя паталогіі былі дыягнаставаныя больш чым у 33% вучняў. Большасць з іх упершыню даведалася пра гэта менавіта падчас кансультацый выязных медыцынскіх брыгад.