Пры падтрымцы А1 першы відэаспектакль Сямейнага інклюзіў-тэатра «і» ужо даступны для прагляду анлайн
Ніводную прэм'еру Сямейнага інклюзіўнага тэатра «і» глядач не абыходзіць сваёй увагай, і штораз у калектыву ёсць чым здзівіць. Вось і зараз, сёмая вялікая пастаноўка пры падтрымцы кампаніі А1 ператварылася ў першы ў гісторыі тэатра відэаспектакль. Што з гэтага атрымалася, гледачы могуць убачыць на ютуб-канале тэатра.
Спектакль па матывах аповесці Астрыд Ліндгрэн “Роні, дачка разбойніка” — адна з самых маштабных пастановак Сямейнага інклюзіў-тэатра «і». У ім задзейнічана 70 чалавек, 40 з іх – акцёры, сярод якіх і дзеці з аўтызмам. Галоўныя ролі ў спектаклі сыгралі юныя артысты – Воля Малатоўнік і сын вядомага беларускага драматурга Глеб Курэйчык.
Гэты спектакль тэатр «i» стаў рэпетаваць і рыхтаваць яшчэ з восені 2019 года. Педагогі і дзеці разлічвалі, што прэм'ера адбудзецца ў маі. Але з-за пандэміі давялося адмяніць рэпетыцыі ў тэатры. Рэжысёры Сяргей Ісакаў і Ігар Сідорчык спрабавалі іх праводзіць анлайн, праз відэададаткі, але дзецям было складана рэпетаваць у адзіночку, не адчуваючы партнёра і не разумеючы, як сябе паводзіць на сцэне. Многія былі ўжо гатовыя змірыцца з тым, што з Роні давядзецца развітацца ў лепшым разе да верасня, але своечасова прыйшла прагрэсіўная ідэя: а што калі зняць спектакль на відэа? Як двухгадзінную тэатральную пастаноўку ператварылі ў 40-хвілінны фільм і чаму яго падрыхтоўка прымусіла ўсіх панервавацца, расказала мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «і» Ірына Кісялёва:
«Відэаверсія — гэта абсалютна іншы твор. Для пачатку нашаму рэжысёру-пастаноўшчыку Ігару Сідорчыку давялося перакройваць сюжэт п'есы і рабіць з яго сцэнар тэлеверсіі. Пасля трэба было шукаць пляцоўку, на якой адбудуцца здымкі. За гэта дзякуй Movie Production Company — найбуйнейшай у Беларусі прыватнай кінастудыі. І трэба сказаць, што без падтрымкі кампаніі А1 усе гэтыя задумы ажыццявіць было б нерэальна. Рэжысіраваць відэаверсію ўзяўся Сяргей Ісакаў. Мы вельмі хваляваліся, што не паспеем усё скончыць у тэрмін, бо пасля доўгага перапынку трэба было зноў сабраць юных акцёраў, нанова развучваць з імі ролі, паказваць, як паводзіць сябе ў кадры. І я вельмі рада, што нашыя рабяты справіліся з гэтай задачай не горш за прафесіяналаў".
У спектаклі акрамя дзяцей, занятыя і педагогі тэатра, прафесійныя акцёры: Генадзь Фамін, Дзяніс Дадзішкіліяні, Дзіяна Флеер. Менавіта яны дапамагалі юным артыстам адаптавацца да здымак.
«Мы вельмі рады, што сямейны інклюзіўны тэатр «і» змог ажыццявіць гэтую задуму. Кампанія А1 з'яўляецца генеральным партнёрам тэатра «i» з моманту яго заснавання — 2 красавіка 2016 года, — каментуе начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў. — Мы падтрымліваем усе прэм'еры тэатра, уважліва сочым за яго дзейнасцю, радуемся поспехам акцёраў. Калі калегі звярнуліся да нас з просьбай падтрымаць іх задуму відэаспектакля, мы з радасцю пагадзіліся. Нават у бягучых абставінах у юных акцёраў павінна спраўджвацца мара – іграць у тэатры. І мы верым у тое, што гледачы змогуць убачыць поўную, двухгадзінную версію спектакля, але ўжо на сапраўднай сцэне».
Лепшай падзякай за працу рабятам, занятым у спектаклі, вядома ж будуць прагляд і водгукі, якія гледачы змогуць пакінуць у каментарах да відэатрансляцыі, але ёсць яшчэ адна форма падтрымкі — матэрыяльная. Абаненты А1 могуць пералічыць сродкі ў дапамогу Сямейнаму інклюзіў-тэатру «i», адправіўшы SMS на нумар 0204, ці зрабіць USSD-запыт *222*24# (мінімальная сума дапамогі 2 рублі) або пералічыць грошы праз A1 Banking у мабільным дадатку аператара, а таксама праз АРІП, калі вы не абанент А1.
*Аўтар п'есы «Роні, дачка разбойніка» любімая многімі пакаленнямі шведская пісьменніца Астрыд Ліндгрэн, якая падарыла свету Карлсана і Пэпі Доўгую Панчоху. У пісьменніцы атрымалася стварыць цудоўны свет, у якім дзіцячая мудрасць шмат у чым перасягае неразумнасць дарослых людзей. У п'есе расказваецца пра сярэдневяковую Швецыю і два варожыя разбойніцкія кланы, дзе растуць дзяўчынка Роні і хлопчык Бірк. Яны пасябравалі і пакляліся быць братам і сястрой. Па ходзе дзеяння п'есы ім шмат што давядзецца перажыць разам: напад дзікіх вітр, гібельныя песні падземнага народа, равучы вадаспад і снежны палон. Але самае галоўнае – іх сяброўства і адданасць адно аднаму змогуць перамагчы шматгадовую варожасць іх сем'яў.