«Падумайце 5 секунд»: у Гомелі прайшоў занятак па лічбавай бяспецы ад А1 | Навiны | Пра кампанію

«Падумайце 5 секунд»: у Гомелі прайшоў занятак па лічбавай бяспецы ад А1

ESG

25 верасня ў Гомелі адбыўся навучальны занятак у рамках праекта #яанлайн і інфармацыйнай кампаніі #Падумайце5секунд, скіраванай на абарону ад кібермахлярства. Супрацоўнікі кампаніі А1 прыехалі ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна Гомеля і распавялі прысутным жыхарам пра тое, як распазнаць актуальныя схемы махлярства і абараніць асабістыя дадзеныя ў лічбавай прасторы.

Інтэрнэт і мабільныя прылады даўно сталі неад'емнай часткай нашага паўсядзённага жыцця. Тэхналогіі імкліва развіваюцца, і разам з імі ўдасканальваюцца метады падману. Сёння ашуканцы выкарыстоўваюць не толькі падробленыя сайты і званкі, але і новыя інструменты — напрыклад, падрабляюць галасы блізкіх з дапамогай штучнага інтэлекту. Ахвярай такіх нападаў можа стаць любы, незалежна ад узросту або вопыту работы з лічбавымі сэрвісамі.

 

Каб дапамагчы жыхарам Гомеля старэйшага ўзросту адчуваць сябе больш упэўнена ў анлайн-свеце, А1 правёў навучальны занятак. Занятак атрымаўся жывым і практычным: замест сухой тэорыі — рэальныя прыклады, разбор тыповых ашуканскіх схем і пакрокавыя інструкцыі, як пазбегнуць падману.

Удзельнікам патлумачылі, што ашуканцы могуць назваць імёны родных, прадставіцца супрацоўнікамі банкаў, дзяржаўных органаў, аператараў сувязі. Нават калі просьба гучыць пераканаўча, не варта спяшацца выконваць указанні незнаёмцаў. У якасці ўніверсальнага правіла ўдзельнікі запомнілі формулу: «Зрабіце паўзу і падумайце 5 секунд перад прыняццем рашэння — няхай гэта будзе пераход па незнаёмай спасылцы, перадача асабістых дадзеных і кодаў аўтарызацыі з СМС або адказ на падазроны званок з мэсенджара».

Эксперты А1 падрабязна разабралі асноўныя прыкметы падазроных званкоў і паведамленняў:

  • званкі праз мэсенджары з незнаёмых нумароў, часта замежных;
  • раптоўныя «тэрміновыя праблемы», пра якія вы даведваецеся ўпершыню;
  • патрабаванні перавесці грошы, усталяваць прыкладанні або перайсці па спасылцы;
  • ціск аўтарытэтам або пагрозы;
  • просьбы паведаміць коды з SMS, лагіны, паролі і дадзеныя банкаўскіх карт.

 

Асаблівую ўвагу на занятку надалі алгарытму паводзін у стрэсавай сітуацыі. Калі ў размове гаворка заходзіць пра грошы і ад вас патрабуюць неадкладных дзеянняў — вазьміце паўзу. Паўза патрэбна, каб супакоіцца і прыйсці ў сябе. Завяршыць размову лепш за ўсё пад падставай, не звязанай з тэмай размовы, але такой, што замінае яе працягнуць. Не варта ветліва развітвацца — бяспечней за ўсё проста пакласці слухаўку.

Акрамя практычных парад, супрацоўнікі А1 расказалі пра сэрвіс «Бяспечны інтэрнэт». Ён абараняе ад фішынгу, вірусаў і уцечак дадзеных: блакуе шкоднасныя сайты, не патрабуе ўсталявання дадатковага праграмнага забеспячэння і лёгка наладжваецца праз прыкладанне «Мой А1».

Праект #яанлайн, створаны па ініцыятыве кампаніі А1 сумесна з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, рэалізуецца з 2020 года і ўжо аб'яднаў больш за 2000 валанцёраў па ўсёй Беларусі. Яго мэта — дапамагчы старэйшаму пакаленню асвойваць лічбавыя тэхналогіі і адчуваць сябе ўпэўнена ў інтэрнэце. У мінулым годзе А1 таксама запусціў інфармацыйную кампанію #Падумайце5секунд, якая вучыць карыстальнікаў крытычна ставіцца да любых падазроных званкоў і паведамленняў.