Падумайце 5 секунд: А1 расказаў, як процідзейнічаць кіберзлачынцам
13 студзеня ў Гарадскім доме культуры г. Баранавічы адбылася сустрэча гараджан старэйшага ўзросту ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы». Кампанія А1 далучылася да мерапрыемства і правяла адукацыйную сесію па кібербяспецы для больш чым 700 удзельнікаў.

Навучанне А1 прайшло ў рамках праекта #яанлайн і інфармацыйнай кампаніі #Падумайце5секунд, накіраванай на абарону ад кібермахлярства. Эксперты A1 расказалі, як распазнаць званкі і паведамленні ад зламыснікаў, якія меры бяспекі важна прымаць у інтэрнэце і па тэлефоне, а таксама як дзейнічаць у выпадку спробы падману.

Асаблівая ўвага была нададзена актуальным схемам махлярства ў святочны перыяд: фіктыўным выйгрышам і падарункам, падробленым абвесткам пра продаж ялінак і калядных аздоб.
Каб карысная інфармацыя заўсёды была пад рукой, A1 сумесна з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны падрыхтаваў памятку па кібербяспецы. Кожны ўдзельнік атрымаў друкаваную версію памяткі. Лічбавую версію можна спампаваць на сайце safety.a1.by. Дадаткова друкаваныя матэрыялы даступны ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па ўсёй Беларусі.