Ад Канады да Японіі: каля 20 тысяч чалавек паглядзелі «Паўлінку» на VOKA | Навiны | Пра кампанію

Ад Канады да Японіі: каля 20 тысяч чалавек паглядзелі «Паўлінку» на VOKA

Знакаміты спектакль «Паўлінка» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 27 сакавіка ўпершыню паказалі ў прамым эфіры і на ўвесь свет. Гледачамі анлайн-паказу сталі каля 20 тысяч людзей. Сусветная трансляцыя адбылася на відэасервісе VOKA у рамках спецыяльнага праекта да 100-га сезона тэатра, які праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі А1.

 

Прагляд легендарнай беларускай пастаноўкі ў Міжнародны дзень тэатра аб'яднаў гледачоў з ААЭ, Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Грузіі, ЗША, Ізраіля, Іспаніі, Казахстана, Канады, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Пакістана, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Японіі і іншых краін. Большая частка анлайн-аўдыторыі – 80% – глядзела трансляцыю па тэлевізары, 18% – праз мабільнае прыкладанне на смартфонах і планшэтах, а яшчэ 2% – на сайце voka.tv з камп'ютараў.

 

«У гэтым сезоне нам аказаны гонар паказваць знакавыя спектаклі нацыянальнага тэатра ў прамым эфіры. Мы вельмі радыя, што наш сумесны спецпраект дае магчымасць хаця б раз на месяц глядзець іх з любой кропкі Беларусі ўсім ахвотным. Але «Паўлінка» – гэта не проста пастаноўка, а сімвал беларускай сцэны, таму нам вельмі хацелася зрабіць так, каб усе, хто цікавіцца культурай нашай краіны, маглі ўбачыць яе нават з замежжа. Мы ўдзячны купалаўцам за аказаны давер і гатоўнасць пайсці на такі крок – арганізаваць сусветную анлайн-прэм'еру. Як паказваюць лічбы і геаграфія праглядаў, гэта ініцыятыва мела вялікі поспех. І хаця б на адзін вечар тысячы беларусаў, якія з розных прычын знаходзяцца зараз у іншых краінах, змаглі апынуцца дома», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.

 

«Паўлінка» – спектакль, які займае асаблівае месца ў рэпертуары Купалаўскага тэатра. Ён быў пастаўлены Львом Літвінавым у 1944 годзе ў Томску, дзе трупа знаходзілася ў эвакуацыі і менавіта тады прыняла рашэнне звярнуцца да савецкага ўраду з просьбай даць свайму тэатру імя Янкі Купалы. Напісаная народным паэтам Беларусі гісторыя пра тое, як дзяўчына выбрала сабе жаніха насуперак волі бацькоў і збегла разам з ім з дому, стала візітнай карткай купалаўцаў і застаецца ёй цяпер.

 

Паказам гэтай пастаноўкі тэатр узнавіў сваю дзейнасць пасля вяртання ў Беларусь і цягам 76 гадоў нязменна адкрывае ёй кожны свой сезон. За час існавання «Паўлінкі» у спектаклі перамянілася ўжо не адно пакаленне артыстаў, таму раз на некалькі дзесяцігоддзяў яго абнаўляюць, але дэкарацыі, мізансцэны, сюжэт застаюцца ранейшымі. Зараз пастаноўка ідзе ў сцэнічнай рэдакцыі 2013 года мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна.