Навагодні падарунак ад А1 і Onliner: знакамітыя дыктары і акцёры чытаюць дзецям народныя казкі | Навiны | Пра кампанію

Навагодні падарунак ад А1 і Onliner: знакамітыя дыктары і акцёры чытаюць дзецям народныя казкі

Напярэдадні калядных і навагодніх святаў кампанія А1 сумесна з рэдакцыяй Onliner распачала новы спецыяльны праект «Падказкі». Раз на тыдзень на адмысловай старонцы будуць з’яўляцца народныя казкі, сабраныя даследчыкамі фальклору ў этнаграфічных экспедыцыях у розных кутках Беларусі. Спецыяльна для праекта іх агучылі знакамітыя беларускія дыктары і акцёры.

 

Адчуць унікальнасць гэтага збору народнай спадчыны і мілагучнасць беларускай мовы дапамогуць галасы Зінаіды Бандарэнка, Фамы Варанецкага, Людмілы Цімафеевай, Аляксандра Дамарацкага і Марыі Захарэвіч. Агучаныя імі аўдыёказкі – фантастычныя аповеды, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне на Міншчыне, Гродзеншчыне, Берасцейшчыне і іншых рэгіёнах краіны. Іх запісалі эксперты Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

 

«Кампанія А1 бачыць сваю місію ў тым, каб пашыраць веды беларусаў пра нацыянальную спадчыну – мову, традыцыі, гісторыю, культуру і мастацтва. Старажылы ў вёсках і сёння расказваюць сваім унукам казкі, якія калісьці пачулі ад сваіх бабуль і дзядуль. Гэтыя гісторыі звязваюць розныя часы і пакаленні ды ўтрымліваюць у сабе мудрасць і жарты нашых продкаў, але перадаюцца толькі вусна. Дзякуючы нашаму святочнаму праекту шмат дзяцей і дарослых змогуць пачуць іх упершыню», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

У выкананні легендарнага дыктара Зінаіды Бандарэнка ўжо можна паслухаць «Спевы ваўка» – казку, запісаную Аленай Боганевай і Тамарай Варфаламеевай ў 2006 годзе ў вёсцы Магільна Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Распавяла яе Лідзія Цыбульская, якой на той момант было 79 гадоў. Яе манера апавядання атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

 

«Мы вельмі радыя, што сёлета разам з А1 надалі ў нашых сумесных матэрыялах шмат увагі беларускай культуры і самабытнасці. Мы імкнёмся выходзіць за межы выключна журналісцкай працы і ствараць інтэграваныя праекты, таму было вельмі цікава працаваць з казкамі, запісанымі вядомымі дзеячамі культуры Беларусі са словаў вясковых жыхароў. Гэта не проста забаўляльны кантэнт, а каштоўныя сваім зместам гісторыі з народнай спадчыны Беларусі», – падкрэсліў галоўны рэдактар Onliner Мікалай Казловіч.

 

«Падказкі» будуць выходзіць кожную пятніцу напярэдадні Калядаў. Над аўдыёзапісамі працавала Радыё Бі-Эй. Для агучкі твораў выкарыстана музыка беларускага гурта «Стары Ольса». Ілюстрацыі для праекта стварыла Вольга Няснова.