На «Класіцы ля Ратушы з А1» паказалі знакамітую анімацыю Наталлі Тураўскай
Адразу дзве праграмы ўбачылі гледачы пятага канцэрта «Класіка ля Ратушы з А1» у Мінску. Каля 4 тысяч чалавек сабралася 17 жніўня на плошчы Свабоды, каб паглядзець адзначаны міжнароднымі фестывалямі анімацыйны фільм у жывым суправаджэнні Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, а пасля паслухаць сола піяніста-віртуоза Цімура Сергяені.

У пачатку канцэрта Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Яўгена Бушкова сыграў творы Вольфганга Амадэя Моцарта, Эдварда Грыга і Пятра Чайкоўскага. А падчас выканання галоўнага нумара – цыкла п'ес «Карцінкі з выстаўкі» Мадэста Мусаргскага ў аркестроўцы расійскага і канадскага віяланчэліста і дырыжора Юлія Тураўскага – на вялікім экране побач са сцэнай трансляваўся анімацыйны фільм, створаны па працах сучаснай мастачкі Наталлі Тураўскай. Менавіта музыка Мусаргскага і натхніла яе на стварэнне карцін, а потым і кароткаметражнага мультфільма «Карцінкі з выстаўкі ў танцы». Ён быў паказаны на некалькіх міжнародных кінафестывалях, у тым ліку на Short Film Corner у Каннах.

У 2007 годзе на Нью-Ёркскім фестывалі незалежнага кіно і відэафільмаў Наталлю Тураўскую ганаравалі ўзнагародай «За выдатныя дасягненні ў кіно». Таксама кароткаметражку паказваў на сваіх канцэртах аркестр I MUSICI de Montréal у туры па ЗША, Іспаніі, Бразіліі, Канадзе і Калумбіі. Цяпер, дзякуючы праграме Дзяржаўнага камернага аркестра, яе ўбачыла і публіка ля мінскай Ратушы.

У другім блоку музычнага вечара на сцэну выйшаў Цімур Сергяеня – беларускі піяніст і дырыжор, прафесар Вышэйшай школы Мастацтваў Каралеўскай Кансерваторыі Гента ў Бельгіі і арт-дырэктар розных музычных фестываляў за мяжой. Ужо ў трэці раз ён стаў удзельнікам канцэртаў «Класікі ля Ратушы з А1», але вялікую сольную праграму прэзентаваў упершыню. Яна складалася з твораў Фрыдэрыка Шапэна, Фелікса Мендэльсона, Клода Дэбюсі, Сяргея Рахманінава, Феранца Ліста, Ісака Альбеніса і Мануэля Дэ Фальі.

Сёлетні сезон – ужо пяты для фестывалю «Класіка ля Ратушы з A1», і з нагоды юбілею музычныя вечары праходзяць у пяці гарадах Беларусі. Ужо адбыліся канцэрты ў Віцебску, Гомелі, Гродна і Брэсце. У Мінску яны пачаліся 20 ліпеня і завершацца праз тыдзень – 31 жніўня ля Ратушы зайграе Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь.

Уваход на кожны канцэрт «Класікі ля Ратушы з A1» традыцыйна вольны.
Таксама бясплатна паглядзець любы з мінскіх канцэртаў можна ў прамым эфіры ці ў запісе – A1 арганізуе трансляцыі з плошчы Свабоды. Выступы музыкантаў транслююцца з дапамогай відэасэрвісу VOKA – на любой прыладзе і ў сетцы любога аператара сувязі. Архіў канцэртаў, якія ўжо адбыліся ў сталіцы і іншых гарадах, даступны па спасылцы.
