Музыка і анімацыя – у адным канцэрце «Класікі ля Ратушы з А1»
На канцэрце 17 жніўня гледачоў фестывалю «Класіка ля Ратушы з A1» чакаюць адразу тры падзеі: выступ Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, паказ адзначанага міжнароднымі фестывалямі анімацыйнага фільма і сола піяніста-віртуоза Цімура Сергяені.

Першым выступіць адзін з вядучых калектываў краіны – Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Яўгена Бушкова. У праграме – музыка Вольфганга Амадэя Моцарта, Эдварда Грыга і Пятра Чайкоўскага. А галоўнай падзеяй вечара стане выкананне цыкла п'ес «Карцінкі з выстаўкі» Мадэста Мусаргскага ў аркестроўцы расійскага і канадскага віяланчэліста і дырыжора Юлія Тураўскага. Пакуль аркестр будзе іграць, на экране ля сцэны пакажуць анімацыйны фільм, створаны па карцінах сучаснай мастачкі Наталлі Тураўскай.
«Карцінкі з выстаўкі» – знакаміты цыкл фартэпіянных п'ес, напісаных у 1874 годзе расійскім кампазітарам пад уражаннем ад творчасці свайго сябра, мастака Віктара Гартмана. Гэты цыкл натхніў мастачку і музыканта Наталлю Тураўскую на стварэнне спачатку малюнкаў, а потым і кароткаметражнага анімацыйнага фільма «Карцінкі з выстаўкі ў танцы». Гэту анімацыю ўключылі ў праграму некалькіх міжнародных кінафестываляў, у тым ліку Short Film Corner у Канах. У 2007 годзе на Нью-Ёркскім фестывалі незалежнага кіно і відэафільмаў мастачку ганаравалі ўзнагародай «За выдатныя дасягненні ў кіно». А саму кароткаметражку паказвалі гледачам на канцэртах аркестра I MUSICI de Montréal у турах па ЗША, Іспаніі, Бразіліі, Канадзе і Калумбіі. Дзяржаўны камерны аркестр таксама выкарыстаў гэты фільм у сваёй праграме, якую і ўбачаць гледачы на плошчы Свабоды.
У другім аддзяленні канцэрта выступіць Цімур Сергяеня – беларускі піяніст і дырыжор, прафесар Вышэйшай школы Мастацтваў Каралеўскай Кансерваторыі Гента ў Бельгіі. У фестывалі «Класіка ля Ратушы з А1» музыкант бярэ ўдзел ужо ў трэці раз, але ўпершыню прэзентуе менавіта сольную праграму і сыграе творы Фрыдэрыка Шапена, Фелікса Мендэльсона, Клода Дэбюсі, Сяргея Рахманінава, Ферэнца Ліста і іншых кампазітараў.
Музычныя вечары ля Ратушы нязменна праводзяцца пры падтрымцы кампаніі A1 і Мінгарвыканкама. У гэтым сезоне з нагоды пяцігадовага юбілею фестывалю класіка гучыць на вуліцах пяці гарадоў Беларусі. Ужо адбыліся канцэрты ў Віцебску, Гомелі, Гродна і Брэсце. У Мінску яны пачаліся 20 ліпеня і скончацца 31 жніўня выступам Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Уваход на кожны з канцэртаў «Класікі ля Ратушы з A1» традыцыйна вольны. Таксама паглядзець іх можна ў прамым эфіры ці ў запісе: выступы музыкантаў будуць транслявацца з дапамогай відэасэрвісу VOKA бясплатна – на любой прыладзе і ў сетцы любога аператара сувязі. Архіў канцэртаў, якія ўжо адбыліся, даступны па спасылцы.