«МОВА» Беларусі: А1 завяршыў усталёўку арт-інсталяцый у рэгіёнах | Навiны | Пра кампанію

«МОВА» Беларусі: А1 завяршыў усталёўку арт-інсталяцый у рэгіёнах

А1 завяршыў усталёўку арт-інсталяцый са скульптур-літар, якія разам утвараюць слова «МОВА». Такія аб’екты з’явіліся ў пяці абласных цэнтрах Беларусі – Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне і Магілёве. Гэты праект кампанія А1 рэалізавала сумесна з ініцыятывай «Веліч роднай мовы».

 

Усе літары ўяўляюць з сябе вулічную мэблю з дрэва і металу і маюць свой колер – у гэтым галоўная адметнасць арт-аб'ектаў. Па задуме іх аўтара, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, колеравая гама для інсталяцый падбіралася так, каб паказаць культурныя, гістарычныя і ландшафтныя асаблівасці кожнага рэгіёна краіны.

 

 

Ідэя праекта грунтуецца на працах этнографа, мастацтвазнаўцы, даследчыка матэрыяльнай культуры Беларусі Міхася Раманюка, а таксама на канцэпцыі дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, апісанай ім у кнізе «Колер Беларусі».

 

Чырвоны, чорны, зялёны, жоўты, шэры і розныя адценні сіняга – менавіта гэтыя колеры на працягу многіх стагоддзяў атачалі беларусаў у побыце, архітэктуры і прыродзе, таму на іх спалучэнні пабудавана мастацкае рашэнне праекта.

 

Арт-аб’екты «МОВА» ўсталяваныя на набярэжнай Францыска Скарыны ў Брэсце, Траецкай набярэжнай у Магілёве, перад мостам 1000-годдзя ў Віцебску, на вуліцы Маставой у Гродне, а таксама на вуліцы Кірава і на вуліцы Савецкай у Гомелі.