Найлепшы мультфільм года «Душа» перакладзены на беларускую мову для VOKA | Навiны | Пра кампанію

Найлепшы мультфільм года «Душа» перакладзены на беларускую мову для VOKA

Відэасэрвіс VOKA выпусціў анлайн-прэм'еру мультфільма «Душа», дзе героі Disney загаварылі на беларускай мове. Афіцыйны дубляж зроблены па замове платформы кампаніяй «Кінаконг».

 

«Душа» – новая праца стваральніка папулярных мультфільмаў «Уверх» і «Галаваломка» Піта Доктэра пра тое, як жыць кожнай хвілінай, радавацца дробязям і не вымотваць сябе ў пагоні за міфічным поспехам. Гісторыя джазавага піяніста Джо Гарднэра, які пасля няшчаснага выпадку спрабуе вярнуцца ў сваё цела з Семінара Душ і здзейсніць мару граць у клубе, скарыла гледачоў па ўсім свеце.

Сёлета мультфільм «Душа», зняты студыямі Pixar і Disney, стаў пераможцам прэміі «Оскар» адразу ў двух намінацыях – «Найлепшы анімацыйны фільм» і «Найлепшая праца кампазітара».

 

У запісе афіцыйнага дубляжу «Душы» на беларускай мове бралі ўдзел Яўген Перлін, Святлана Цімохіна, Наталля Кот-Кузьма, Юлія Шпілеўская і іншыя. Акцёраў для агучвання галоўных роляў зацвярджала студыя Disney. Пачуць і ўбачыць, як персанажы гэтага мультфільма гавораць іх галасамі, гледачы VOKA могуць ужо зараз.

 

«Душа» папоўніць раздзел відэасэрвісу «Кіно па-беларуску – CINEVOKA», дзе таксама можна знайсці, да прыкладу, пераагучаныя мультфільмы «Уверх», «Рыбка Поньё» і «Таямніца Келс». Акрамя анімацыйнага і мастацкага кіно, у раздзеле «CINEVOKA – Серыялы па-беларуску» ў беларускім дубляжы гледачам платформы даступны яшчэ і серыялы.

 

Мультфільм «Душа» даступны на платформе для неабмежаванага прагляду за 9,90 рублёў і за 6,90 рублёў з доступам на 30 дзён. А іншыя навінкі 2021 года можна паглядзець анлайн на VOKA, набыўшы білет на любы сеанс у сетцы Silver Screen. З 6 мая па 31 ліпеня там будзе дзейнічаць Адзіны білет, па якім можна не толькі прайсці на сеанс у кінатэатры, але таксама атрымаць промакод і глядзець любімае кіно 60 дзён на VOKA па падпісцы «Фільмы і серыялы».