«Луч» і А1 выпусцілі лімітаваную серыю наручных гадзіннікаў да 100-годдзя УНОВІС | Навiны | Пра кампанію

«Луч» і А1 выпусцілі лімітаваную серыю наручных гадзіннікаў да 100-годдзя УНОВІС

«Луч» сумесна з А1 прадставіў лімітаваную серыю гадзіннікаў з калекцыі Must Art у падтрымку праекта #UNOVIS100. У 2020 годзе серыя прысвечана стагадоваму юбілею знакамітага творчага аб’яднання УНОВІС, заснаванага ў Віцебску па ініцыятыве Казіміра Малевіча ў 1920 годзе. Выпуск тэматычных гадзіннікаў быў анансаваны ў сакавіку 2020 года па выніках конкурсу Мінскага гадзіннікавага завода і «Дызайн Пясочніца» сярод беларускіх дызайнераў.

Дызайн гадзіннікаў UNOVIS распрацаваны студыяй GRAFIT. У лімітаванай серыі прадстаўлены тры мадэлі ў супрэматычным стылі. Дзве з іх былі адабраныя Мінскім гадзіннікавым заводам па выніках уласнага конкурсу. Яшчэ адна – па ініцыятыве А1 з выкарыстаннем белага, чырвонага і чорнага колераў аб’яднання УНОВІС, якія таксама з’яўляюцца карпаратыўнымі колерамі кампаніі. Кожная з трох мадэляў паступіла ў продаж у абмежаванай колькасці – па 250 экземпляраў.

«Гадзіннікі лімітаванай серыі UNOVIS – гэта працяг нашай калекцыі Must Art, якая накіравана на папулярызацыю сучасных беларускіх мастакоў, дызайнераў, сучаснага беларускага мастацтва. Пераможцы нашага штогадовага конкурсу дызайну гадзіннікаў у гэтым годзе – брэсцкая студыя GRAFIT. Рабяты прыдумалі яркі, унікальны канцэпт, які з дапамогай прафесійнай каманды Мінскага гадзіннікавага завода ператварыўся ў прадукт сусветнага ўзроўню з частачкай сусветнай мастацкай гісторыі! Мы і далей будзем працягваць падтрымліваць маладыя мастацкія таленты Беларусі і плануем анансаваць умовы конкурсу гадзіннікавага дызайну – 2021 да канца бягучага года», – агучыў планы завода арт-дырэктар Іван Краўчэня.

 

Цыферблат і стрэлкі гадзіннікаў лімітаванай серыі да юбілею УНОВІС складаюць кампазіцыю з геаметрычных форм рознага памеру. У іх лёгка пазнаюцца фірменныя колеры і фігуры, якія адрознівалі работы выдатных мастакоў XX стагоддзя: Казіміра Малевіча, Лазара Лісіцкага, Мікалая Суеціна, Лазара Хідэкеля, Давіда Якерсона і іншых удзельнікаў творчага аб’яднання УНОВIС з Віцебска, якія сто гадоў таму прадставілі новы напрамак у мастацтве – супрэматызм. Дзякуючы таму, што стрэлкі ў выглядзе фігур знаходзяцца ў несупынным руху, агульная кампазіцыя на цыферблаце таксама ўвесь час мяняецца і на працягу дня паўтараецца ўсяго адзін раз.

«Як кампанія, якая бачыць сваю місію ў падтрымцы нацыянальнай культурнай спадчыны, мы імкнёмся зафіксаваць значнасць культурных працэсаў, якія адбываліся 100 гадоў таму ў Віцебску. Адным з такіх напамінаў стане і лімітаваная серыя гадзіннікаў, прымеркаваная да стагадовага юбілею аб’яднання УНОВІС. Яе стварэнне – гэта выдатны спосаб падкрэсліць вечную каштоўнасць і актуальнасць ідэй супрэматызму для сусветнага мастацтва і нагадаць беларусам аб тым, якую ролю ў развіцці гэтага напрамку сыгралі нашы суайчыннікі», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

Прэзентацыя лімітаванай серыі гадзіннікаў прайшла ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча – знакавай для прадстаўнікоў аб’яднання навучальнай установы, з якім звязаны імёны яго вядучых прадстаўнікоў. Пры падтрымцы кампаніі А1 у 2020 годзе ў музеі праходзіў шэраг мерапрыемстваў праекта #UNOVIS100, прысвечанага юбілейнай даце. Усе тры мадэлі гадзіннікаў з лімітаванай серыі перададзены Мінскім гадзіннікавым заводам у дар музею і стануць часткай яго пастаяннай экспазіцыі.

Прадажы гадзіннікаў стартавалі 1 кастрычніка. Набыць гадзіннікі лімітаванай серыі можна ва ўсіх магазінах фірменнай сеткі «Луч», у спецыялізаваных секцыях універмагаў, а таксама ў фірменным інтэрнэт-магазіне «Луч». Кошт любой з трох мадэляў складае 249 рублёў. Падрабязней азнаёміцца з лімітаванай серыяй можна па спасылцы.

 

Даведачна

Праект #UNOVIS100 рэалізуецца пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO у Беларусі. Ключавыя мерапрыемствы былі арганізаваны Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і кампаніяй А1 у дні стагоддзя УНОВІС у лютым 2020 года. У Віцебску адкрылася выстаўка Давіда Якерсона, была прэзентавана спецыяльная серыя мастацкіх канвертаў да юбілею аб’яднання, а таксама прайшла прадстаўнічая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая сабрала даследчыкаў гісторыі і дзейнасці УНОВІСа з Беларусі, Германіі, Нідэрландаў і Расіі. У Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прайшла першая ў краіне выстаўка Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз сто гадоў».