Кампанія А1 выступіла ініцыятарам стварэння «Беларускай федэрацыі камп'ютэрнага спорту»
У Беларусі з'явілася новае аб'яднанне, якое зоймецца развіццём кіберспорту: 7 лютага 2020 года зарэгістравана Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларуская федэрацыя камп'ютэрнага спорту» (РГА «БФКС»), якое было створана пры садзейничанні кампаніі А1.
Беларуская федэрацыя камп'ютэрнага спорту – некамерцыйная арганізацыя, створаная для развіцця і папулярызацыі камп'ютэрнага спорту ў Рэспубліцы Беларусь. Яна аб'яднае беларускіх энтузіястаў камп'ютэрнага спорту, прафесійных ігракоў і іншыя бакі, зацікаўленыя ў прасоўванні кіберспорту і кіберспартыўных дысцыплін.
«Ва ўсім свеце кіберспорт ужо паспеў ператварыцца ў паўнапраўную індустрыю, якая мае шматтысячную армію прыхільнікаў і ў якую ахвотна інвесціруюць многія буйныя кампаніі. Беларускім кіберспартсменам таксама ёсць што паказаць і аб чым заявіць, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Аднак для гэтага ім патрэбна, па-першае, падтрымка, а па-другое, магчымасць аб’яднацца і сумеснымі намаганнямі дабівацца сваіх мэтаў. Мы бачым у камп’ютэрным спорце пэўны патэнцыял, які, на наш погляд, можа і павінен развівацца. Вось чаму кампанія А1 выступіла з ініцыятывай стварэння Беларускай федэрацыі камп’ютэрнага спорту», – адзначыў намеснік дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.
Сярод мэтаў федэрацыі – папулярызацыя камп'ютэрнага спорту (у тым ліку ў рэгіёнах Беларусі), развіццё і падтрымка прафесійных ігракоў, трэнераў і суддзяў, правядзенне спаборніцтваў і развіццё міжнародных кантактаў. Адной з галоўных задач, да рашэння якой мае намер імкнуцца новая арганізацыя, з’яўляецца работа над прызнаннем камп’ютэрнага спорту на дзяржаўным узроўні: кіберспартыўныя дысцыпліны могуць атрымаць статус афіцыйных відаў спорту.