Як гучаць беларускія гарады: фестываль «Класіка ля Ратушы з A1» выпусціў свой саўндтрэк
Пяты сезон «Класікі ля Ратушы з A1» скончыцца 31 жніўня канцэртам Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні фінальнага канцэрта фестываль выпусціў уласны саўндтрэк юбілейнага сезона, створаны з гукаў усіх гарадоў Беларусі, дзе сёлета праходзілі яго музычныя вечары.

У гэтым сезоне ў гонар пяцігоддзя «Класіка ля Ратушы з A1» упершыню ахапіла адразу пяць гарадоў Беларусі. Ужо адбыліся канцэрты ў Віцебску, Гомелі, Гродна і Брэсце. У Мінску яны пачаліся 20 ліпеня і скончацца 31 жніўня выступам Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
У кожнага з гэтых пяці гарадоў ёсць свой уласны «голас». Званок віцебскага трамвая, гул мінскага метро, размовы гараджан на гомельскай набярэжнай, журчанне брэсцкага фантана, перазвон гродзенскага касцёла – усё гэта сплялося ў адну кампазіцыю, якая аб'яднала ў сабе гукі знакавых месцаў абласных цэнтраў і сталіцы Беларусі.
Мелодыя падзелена на некалькі сэнсавых частак. Музычная вандроўка па гарадах, якія прымалі сёлета фестываль «Класіка ля Ратушы з А1», пачынаецца з уступу – прыбыцця цягніка на чыгуначны вакзал. Пасля слухач адпраўляецца на шпацыр па вуліцах Мінска, Віцебска, Гродна, Гомеля і Брэста – і яго акружаюць падобныя і ў той жа час унікальныя для кожнага горада гукавыя карціны: шум транспарту, галасы прахожых і дзіцячы смех у гарадскіх парках. Стук скейта змяняецца перазвонам, рытмы электронных перкусій – уключэннем струнных смычковых інструментаў і валторны. Такім чынам, вандроўка разгортваецца не толькі ў прасторы, але і ў часе, аб'ядноўваючы мінулае і сучаснасць.
Саўндтрэк фестывалю «Класіка ля Ратушы з A1» выйшаў напярэдадні апошняга з дзесяці канцэртаў у гэтым сезоне, які адбудзецца 31 жніўня. Ля мінскай Ратушы Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна прэзентуе праграму «Ад класікі да класікі рока»: ад твораў Вівальдзі, Пучыні, Вердзі да хітоў Metallica і AC/DC. У канцэрце таксама возьмуць удзел спявак Іван Вабішчэвіч, салісты Вялікага тэатра Беларусі – Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Шведава і Ілья Сільчукоў, заснавальнік і саліст гурта PALLADIUM Electric Band Алег Паўля (электра-скрыпка), стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Таццяна Кармазінава (флейта).
Уваход на кожны з вечароў «Класікі ля Ратушы з A1» традыцыйна вольны.
Таксама бясплатна паглядзець любы з мінскіх канцэртаў можна ў прамым эфіры ці ў запісе – A1 арганізуе трансляцыі з плошчы Свабоды. Выступы музыкантаў транслююцца з дапамогай відэасэрвісу VOKA – на любой прыладзе і ў сетцы любога аператара сувязі. Архіў канцэртаў, якія ўжо адбыліся ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна і Мінску, даступны па спасылцы.