Вынікі праекта А1 і БДФ «Я бачу!»: агледжана больш за 51 тыс. дзяцей з 62 раёнаў Беларусі | Навiны | Пра кампанію

Вынікі праекта А1 і БДФ «Я бачу!»: агледжана больш за 51 тыс. дзяцей з 62 раёнаў Беларусі

Беларускі дзіцячы фонд і кампанія А1 падвялі вынікі маштабнага дабрачыннага праекта «Я бачу!». За чатыры гады мабільныя брыгады афтальмолагаў правялі дыягностыку зроку ў 51 474 сельскіх школьнікаў з Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцей. Агулам 35 лекараў-афтальмолагаў наведалі 693 школы ў 62 раёнах чатырох абласцей Беларусі.

 

Па выніках дыягностыкі ў 32,3% (16 604) школьнікаў выяўлены розныя паталогіі зроку, прычым у 51,8% (8606 дзяцей) з гэтай колькасці парушэнні зроку дыягнаставаны ўпершыню. 5847 дзяцей мелі патрэбу ў акулярнай карэкцыі, 330 школьнікаў былі накіраваны на хірургічнае і кансерватыўнае лячэнне, 367 дзяцей атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.

Праект «Я бачу!» стартаваў ў 2016 годзе. Падтрымку арганізатарам аказалі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і абласныя выканаўчыя камітэты. Першымі ўдзельнікамі праекта сталі вучні сельскіх школаў з Магілёўскай вобласці. У 2017-2019 гг. дыягнастычную дапамогу лекараў-афтальмолагаў атрымалі дзеці з Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей. Сельскія школы знаходзяцца далёка ад буйных населеных пунктаў, у якіх працуюць лекары-афтальмолагі, таму было вельмі важна аказаць дапамогу менавіта сельскім школьнікам па месцы іх пражывання і вучобы.

 

«Праект «Я бачу!» – гэта выразна выбудаваная сістэма працы многіх людзей, арганізацый і ведамстваў дзеля захавання здароўя дзяцей. За чатыры гады тысячы сельскіх школьнікаў змаглі атрымаць прафесійную дапамогу лекараў-афтальмолагаў – ад канкрэтных рэкамендацый і рэцэптаў на акуляры да накіраванняў на аператыўнае і кансерватыўнае лячэнне ва ўмовах стацыянара, дадатковыя абследаванні ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры. Мы ўдзячныя кампаніі А1, Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, абласным выканаўчым камітэтам, лекарам і настаўнікам, за сумесную працу. Праект «Я бачу!» стаў сапраўдным прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў вырашэнні канкрэтных задач», – адзначыў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан.

Акрамя аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі школьнікам у сельскай мясцовасці важным складнікам праекта стала прафілактыка захворванняў органаў зроку. Маштабная інфармацыйная кампанія вялася арганізатарамі на працягу ўсяго праекта. Інтэрактыўныя білборды, кулінарны майстар-клас, сацыяльныя відэаролікі ў падтрымку праекта вучылі дарослых і дзяцей клапаціцца аб зроку. Сёлета з білбордаў і тэлеэкранаў дыялог перамясціўся на старонкі коміксаў.

 

Адмыслова да фіналу праекта «Я бачу!» арганізатары пры ўдзеле прадстаўнікоў творчай суполкі «Сучасны комікс» Вольгі Алданавай і Мікіты Сеннікава падрыхтавалі зборнік коміксаў «Я бачу!». Гісторыя ў малюнках на беларускай мове пра прыгоды школьніцы Алесі і яе сяброў у займальнай і папулярнай сярод школьнікаў форме нагадвае пра тое, як важна берагчы зрок і як карысна бывае насіць акуляры, калі ў гэтым ужо ёсць патрэба. У дадатак да самой гісторыі чытачы знойдуць на старонках коміксу разнастайныя заданні, выкананне якіх уяўляе сабой карысную гімнастыку для вачэй. Асобнік зборніка коміксаў «Я бачу!» з'явіцца ў школьных бібліятэках па ўсёй краіне, каб разам з яго героямі клапаціцца аб сваім зроку вучыліся ўсё новыя і новыя чытачы.

«За гады сваёй працы праект «Я бачу!» стаў насамрэч масавым і змог дапамагчы вялізнай колькасці дзяцей па ўсёй Беларусі. Мы ўдзячныя ўсім, з кім на працягу гэтых чатырох гадоў працавалі над праектам, і па-сапраўднаму ганарымся яго вынікамі. Мы вельмі рады, што інфармацыйная кампанія па прафілактыцы захворванняў дзіцячага зроку закранула дзясяткі тысяч дзяцей і дарослых па ўсёй краіне. А комікс «Я бачу!» цяпер стане выдатным падарункам усім беларускім школьнікам», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

Па завяршэнні праекта «Я бачу!» усё сучаснае дыягнастычнае афтальмалагічнае абсталяванне, якое было закуплена арганізатарамі, перададзена ва ўстановы аховы здароўя УАЗ «Магілёўская абласная дзіцячая бальніца», УАЗ «Віцебскі абласны дзіцячы клінічны цэнтр», ДУАЗ «Полацкая цэнтральная гарадская бальніца», ДУАЗ «Гомельская цэнтральная гарадская дзіцячая клінічная паліклініка», УАЗ «Мазырская цэнтральная гарадская паліклініка».

За чатыры гады рэалізацыі праект «Я бачу!» стаў адной з самых маштабных сацыяльна-дабрачынных ініцыятыў, рэалізаваных у Беларусі. Даныя, атрыманыя лекарамі ў ходзе працы ў кожным рэгіёне, знаходзяцца ў інфармацыйнай базе абласных бальніц, галоўных упраўленняў па ахове здароўя ў абласцях і будуць выкарыстаны спецыялістамі.