«Hola, Мексіка» ў самым цэнтры горада: як прайшоў вялікі Фестываль мексіканскай культуры пры падтрымцы кампаніі А1
27 верасня ў Верхнім горадзе ў Мінску адбылося свята мексіканскай культуры «Hola, Мексіка», арганізаванае пры падтрымцы кампаніі А1. На працягу дня Фестываль сабраў каля 20 000 чалавек. Расказваем, як горад цешыўся ўнікальнай атмасферай свята, паглыбляючыся ў свет мексіканскіх традыцый, музыкі і кухні.

З 12:00 да 17:00 на плошчы Свабоды госці мерапрыемства бралі ўдзел у самых разнастайных актыўнасцях ў стылі Лацінскай Амерыкі. Наведнікі далучыліся да майстар-класаў па палымяных мексіканскіх танцах, пакаштавалі мноства нацыянальных страў на стылізаваным фуд-корце, даведаліся больш пра культуру і гісторыю краіны на тэматычных квізах, захавалі радасныя моманты ў яркіх фотазонах. Некаторыя госці падтрымалі Фестываль тэматычнымі строямі – і атрымалі на памяць імгненныя фатаграфіі на стужцы. А для дзяцей працавалі гульнявыя зоны і шоу мыльных бурбалак.

Саграваў гасцей не толькі асаблівы антураж, але і майстар-клас па прыгатаванні арыгінальнага пуншу ў мексіканскім стылі. Унікальны рэцэпт напою з перцам чылі ў складзе высока ацанілі сотні дэгустатараў.

Перад канцэртнай праграмай са сцэны прагучалі цёплыя прывітальныя словы ад начальніка Упраўлення Амерыкі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Басіка, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Мексікі ў Беларусі Эдуарда Вільегас Мехіяса і Генеральнага дырэктара кампаніі A1 Гельмута Дуза. Усе выступоўцы адзначылі маштаб цяперашняга Фестывалю, які ўпершыню дэбютаваў у верасні мінулага года, і выказалі надзею на працяг гэтай добрай традыцыі і ў будучыні.

Грандыёзнай кульмінацыяй дня стаў выступ Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь з унікальнай праграмай – палымянымі мексіканскімі мелодыямі ў стылі марыячы. На адной сцэне прысутнічалі адразу два маэстра: галоўны дырыжор аркестра Віталь Кульбакаў і выдатны мексіканскі дырыжор Рафаэль Паласіёс, доктар музыказнаўства Парыжскага ўніверсітэта Сарбона, прафесар Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі музыкі і танца.

Госці змаглі пачуць як класічныя, традыцыйныя і народныя матывы Мексікі, так і лірычныя мелодыі ў перапляценні ў бадзёрымі рытмамі. А завяршыў выступ Huapango – неафіцыйны гімн Мексікі, у якім злучылася гучанне розных рэгіёнаў краіны.

Фестываль мексіканскай культуры адбыўся дзякуючы спрыянню Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Амбасады Мексікі. Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы кампаніі А1, што ўваходзіць у склад міжнароднай групы A1 Group, якая з 2014 г. з'яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем транснацыянальнага холдынга América Móvil, аднаго з найбуйнейшых сусветных правайдараў тэлекамунікацыйных паслуг са штаб-кватэрай у Мексіцы.
