«Эка Двіж. Зялёны сезон»: А1 пасадзіць дрэва за кожны непатрэбны гаджэт і разыграе пяць новых Apple iPhone 16 | Навiны | Пра кампанію

«Эка Двіж. Зялёны сезон»: А1 пасадзіць дрэва за кожны непатрэбны гаджэт і разыграе пяць новых Apple iPhone 16

ESG

А1 запускае новы сезон экалагічнай ініцыятывы па зборы непатрэбных мабільных прылад «Эка Двіж. Зялёны сезон». З 4 сакавіка па 7 красавіка ў крамах А1 па ўсёй краіне любы жадаючы можа здаць стары гаджэт на бяспечную перапрацоўку і атрымаць шанец выйграць адзін з пяці Apple iPhone 16. Акрамя гэтага, кожная перададзеная прылада ператворыцца ў сапраўднае дрэва – па выніках ініцыятывы А1 высадзіць новы лес.

 

Каб зрабіць свой унёск у ахову навакольнага асяроддзя і стаць удзельнікам «Эка Двіж. Зялёны сезон», трэба ў перыяд з 4 сакавіка па 7 красавіка зарэгістравацца на сайце re.a1.by і здаць свае непатрэбныя мабільныя прылады ў любую з крам А1. Гэта могуць быць не толькі тэлефоны, але і планшэты, смарт-гадзіннікі, фітнес-бранзалеты або электронныя кнігі.

Пры здачы прылад важна паведаміць супрацоўніку крамы нумар мабільнага тэлефона, пазначаны пры рэгістрацыі ў асабістым кабінеце, бо на яго ўдзельнік атрымае СМС-паведамленне з колькасцю налічаных кодаў за кожную здадзеную прыладу (адна прылада = адзін код). Гэтыя коды важна самастойна актываваць у асабістым кабінеце на сайце re.a1.by, каб паўдзельнічаць у розыгрышы Apple iPhone 16. Далучыцца да ініцыятывы могуць абаненты ўсіх аператараў сувязі.

 

Перад здачай прылад удзельніку неабходна пераканацца, што на дэвайсе не засталося персанальных дадзеных альбо якой-небудзь асабістай інфармацыі.

 

Пераможцы розыгрышаў будуць вызначацца кожны тыдзень выпадковым чынам з дапамогай лататрона, а вынікі правядзення ініцыятывы будуць даступныя на сайце re.a1.by.

 

У адпаведнасці са стратэгіяй экалагічнага, сацыяльнага і карпаратыўнага кіравання (ESG) А1 перадасць усе сабраныя прылады для іх наступнай бяспечнай перапрацоўкі ў спецыялізаваную арганізацыю. З 2021 года кампанія ўжо неаднаразова праводзіла такія экалагічныя ініцыятывы па зборы мабільных прылад і дзякуючы намаганням вялікай колькасці ўдзельнікаў накіравала на перапрацоўку дзясяткі тысяч старых дэвайсаў.

 

Толькі летась ініцыятыва «Эка Двіж» аб'яднала больш за 2000 удзельнікаў, што дазволіла сабраць больш за 13 500 прылад і пасадзіць 13 500 новых дрэў для аднаўлення ляснога фонду Беларусі ў ваколіцах вёскі Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна.

 

А1 паслядоўна працуе над тым, каб мінімізаваць колькасць электронных адходаў, якія трапляюць на звалкі і забруджваюць глебу і ваду. Для гэтага ў крамах кампаніі на пастаяннай аснове дзейнічае ўласная сістэма збору мабільных прылад, даступная ўсім жадаючым.