Ежа з любімых фільмаў і серыялаў: VOKA запусціў новае кулінарнае шоу | Навiны | Пра кампанію

Ежа з любімых фільмаў і серыялаў: VOKA запусціў новае кулінарнае шоу

Відэасэрвіс VOKA запусціў новае кулінарнае шоу «Еш. Глядзі. Гатуй», у якім шэф-повар паказвае гледачам, як можна паўтарыць фірмовыя стравы з кіно і серыялаў.

 

На платформе ўжо даступны першы выпуск, які расказвае пра прыгатаванне рататуя з аднайменнага мультфільма. На працягу васьмі эпізодаў шэф-повар Ілля Мажуга будзе дзяліцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі і ператвараць кіношныя рэцэпты ў рэальныя стравы, якія не раз хацелася прыгатаваць кожнаму, хто глядзеў на іх на экране.

 

Як, напрыклад, кулінарныя шэдэўры, зробленыя лапкамі пацучонка Рэмі на кухні найлепшага рэстарана Парыжа ў мультфільме «Рататуй»: у першым выпуску шоу «Еш. Глядзі. Гатуй» гледачы даведаюцца, як прыгатаваць той самы рататуй з любімай гісторыі, які пахваліў рэстаранны крытык.

 

Кожны наступны эпізод таксама будзе прысвечаны асобнаму фільму ці серыялу і стравам з яго. Як зрабіць такую ж неапалітанскую піцу, якую каштавала гераіня Джуліі Робертс у фільме «Еш. Маліся. Кахай»? Які рэцэпт у цытрынавых кексаў, якія так любіць Санса Старк з «Гульні тронаў», ці ў лазаньі, без якой не можа жыць кот Гарфілд? У чым сакрэт ідэальнага вішнёвага пірага з серыяла «Твін Пікс»?

 

«Еш. Глядзі. Гатуй» дапаможа гледачам адказаць на гэтыя пытанні і асвоіць легендарныя рэцэпты на ўласнай кухні. Шоу бясплатна даступна да прагляду і будзе выходзіць на VOKA па чацверах. Акрамя таго, на відэасэрвісе прадстаўлены ўсе фільмы і серыялы, стравы з якіх з'явяцца ў выпусках шоу, таму натхніцца на іх прыгатаванне будзе вельмі проста.