Больш за 280 базавых станцый А1 на Гомельшчыне сталі атрымліваць «зялёную» электраэнергію ад уласнага сонечнага парку кампаніі ў Брагіне | Навiны | Пра кампанію

Больш за 280 базавых станцый А1 на Гомельшчыне сталі атрымліваць «зялёную» электраэнергію ад уласнага сонечнага парку кампаніі ў Брагіне

ESG

Больш за 280 базавых станцый А1 у Гомельскай вобласці пачалі працаваць на электраэнергіі з узнаўляльных крыніц. Цяпер яны атрымліваюць яе ад уласнага сонечнага парку кампаніі А1 у Брагіне.

 

Рэалізацыя такога рашэння — важны крок на шляху да скарачэння вугляроднага следу і дасягнення ESG-мэтаў, якія ставіць перад сабой А1. Пры гэтым гадавы аб’ём электраэнергіі, якая вырабляецца сонечным паркам у Брагіне, адпавядае прыкладна 25% агульнага энергаспажывання кампаніі А1 ва ўсёй краіне, што робіць унёсак праекта ў экалогію Беларусі па-сапраўднаму значным.

 

«Сонечная станцыя ў Брагіне — прыклад таго, як устойлівыя рашэнні становяцца часткай нашай штодзённай аперацыйнай дзейнасці. Мы працягваем сістэмна распрацоўваць кірункі „зялёнай‟ энергетыкі і выкарыстоўваць атрыманыя даныя для павышэння энергаэфектыўнасці і дасягнення сваіх доўгатэрміновых ESG-мэтаў, у тым ліку ў дасягненні вугляроднай нейтральнасці», — адзначылі ў А1.

 

Уласная сонечная электрастанцыя A1 была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2016 годзе і дазваляе кампаніі пазбягаць вялікай колькасці выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу. Парк плошчай 41 га і ўстаноўленай магутнасцю 18,48 МВт на той момант быў рэкордным для беларускіх геліяўстановак. У рамках будаўніцтва было пракладана больш за 730 км кабельных ліній, а таксама ўзведзена высакавольтная лінія электраперадачы працягласцю 4,5 км з 22 апорамі і трансфарматарам, якая злучыла сонечны парк з электрычнай падстанцыяй «Брагін».