А1 удвая пашырыў спіс кароткіх дабрачынных нумароў | Навiны | Пра кампанію

А1 удвая пашырыў спіс кароткіх дабрачынных нумароў

Кампанія А1 больш чым удвая пашырыла спіс кароткіх дабрачынных нумароў. Цяпер абаненты кампаніі маюць магчымасць ахвяраваць сродкі на карысць 29 беларускіх дабрачынных фондаў і арганізацый, а таксама падтрымаць медыкаў у барацьбе з COVID-19. Зрабіць перавод можна праз дадатак A1 banking, а таксама пры дапамозе USSD-запыту або адпраўкі SMS на кароткі нумар. Камісія за пералічэнне сродкаў не спаганяецца.

 

Здзейсніць ахвяраванне праз дадатак A1 banking можна ў раздзеле «Дабро», выкарыстоўваючы сродкі любой прывязанай да акаўнта банкаўскай карты або спісаўшы суму з балансу абаненцкага нумара. Максімальная сума ахвяравання з балансу нумара складае 100 рублёў у месяц. Магчымасць пералічыць грашовыя сродкі з банкаўскай карты ў дадатку A1 banking даецца абанентам усіх мабільных аператараў Беларусі.

 

Пры адпраўцы SMS на спецыяльны кароткі нумар дабрачынны ўзнос спісваецца з балансу абаненцкага нумара, але з'яўляецца фіксаваным і складае 2 рублі. Адпраўляючы USSD-запыт, карыстальнік можа выбраць адну з трох сум – 2 рублі, 5 рублёў або 10 рублёў.

 

Пералічыць грашовыя сродкі з балансу абаненцкага нумара могуць абаненты ўсіх тарыфных планаў A1 для фізічных асоб (акрамя лінейкі «ПРЫВІТАННЕ»). Абаненцкі нумар пры гэтым павінен быць актыўным – з доступам да выходных выклікаў, адпраўкі SMS і мабільнага інтэрнэту. Пасля завяршэння аперацыі абанент атрымлівае апавяшчэнне, якое пацвярджае спісанне сродкаў.

 

Кампанія А1 дала абанентам магчымасць ажыццяўляць ахвяраванні на кароткія дабрачынныя нумары ў 2019 годзе. У красавіку 2020 года па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь А1 адкрыла спецыяльны нумар у дапамогу медыкам, якія змагаюцца з эпідэміяй COVID-19. Дапамагчы ім таксама можна трыма спосабамі: адправіўшы SMS на спецыяльны кароткі нумар 219, праз USSD-запыт *222*19# ці праз дадатак A1 banking. Усе сродкі, пералічаныя абанентамі А1, пераводзяцца на рахунак дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання».

 

Поўны спіс дабрачынных фондаў і арганізацый размешчаны на сайце А1.