А1 Tech Day: бяспека – ключавое патрабаванне да тэхналагічных інавацый | Навiны | Пра кампанію

А1 Tech Day: бяспека – ключавое патрабаванне да тэхналагічных інавацый

Аб кампаніі

26 лістапада ў Мінску адбылася трэцяя штогадовая канферэнцыя А1 Tech Day – ўжо традыцыйнае мерапрыемства, якое кампанія А1 праводзіць для прафесіяналаў у галіне лічбавых тэхналогій і інавацый.

Сёлета форум прадэманстраваў новы рэкорд як па колькасці пададзеных заяў, так і па колькасці ўдзельнікаў: А1 Tech Day сабраў каля тысячы экспертаў у сферы распрацоўкі і ўкаранення ІТ-рашэнняў, кібербяспекі і арганізацыі бізнес-працэсаў, а таксама прадстаўнікоў профільных ведамстваў.

 

Як адзначыў у сваім уступным слове міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган, тое, наколькі аўдыторыя А1 Tech Day прырастае з году ў год, – лепшае сведчанне актуальнасці пытанняў і тэм, якія выносяцца на абмеркаванне падчас канферэнцыі.

 

«Даць распрацоўнікам магчымасць праявіць сябе, зрабіць так, каб яны маглі рэалізоўваць свае праекты і знайсці ім практычнае выкарыстанне на рэальных прадпрыемствах краіны, – адна з прыярытэтных задач нашага ведамства. І А1 Tech Day – яркі прыклад такога ўзаемадзеяння. Правядзенне мерапрыемстваў такога маштабу дае магчымасць абмеркаваць і глыбей зразумець патрэбы і запыты ўсіх удзельнікаў працэсу на розных узроўнях: ад вузкіх спецыялістаў да чыноўнікаў, якія адказваюць за адпаведныя кірункі», – адзначыў Канстанцін Шульган.

Сёлета ключавымі тэмамі канферэнцыі А1 Tech Day сталі новыя тэхналагічныя рашэнні для бізнесу, пытанні інфармацыйнай бяспекі і выкарыстанне штучнага інтэлекту. Кожнаму з іх быў адведзены асобны блок у праграме выступаў спікераў. Спікеры казалі пра тое, як з дапамогай сучасных тэхналагічных інструментаў можна павысіць эфектыўнасць бізнесу і як зрабіць лічбавую будучыню бяспечнай і абароненай.

 

«Мэты і задачы канферэнцыі А1 Tech Day застаюцца ранейшымі: як і ў мінулыя гады, мы збіраемся, каб абмеркаваць трэнды ў сферы лічбавых тэхналогій, расказаць пра новыя рашэнні, падзяліцца і абмяняцца практычным досведам іх выкарыстання. І вось ужо ў трэці раз мы маем магчымасць пераканацца ў тым, наколькі запатрабавана такая пляцоўка для экспертнага абмеркавання самага шырокага кола пытанняў, звязаных з лічбавай трансфармацыяй. Сёння мы прапаноўваем разгледзець гэты працэс не толькі з пункту гледжання эфектыўнасці тых ці іншых інструментаў (у прыватнасці, штучнага інтэлекту), але і з пункту гледжання бяспекі іх укаранення», – пракаментаваў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па камерцыйных пытаннях Юры Ляўданскі.

Сёлета тэхналагічнымі партнёрамі канферэнцыі А1 Tech Day сталі кампаніі Kaspersky, Yandex, Secure-T, UserGate, ELMA, X-Labs, Falcongaze, Код бяспекі, S-Crypto, True Conf і іншыя вядучыя гульцы беларускага і міжнароднага рынку рашэнняў у сферы інфармацыйных тэхналогій і інфармацыйнай бяспекі. Іх профільныя эксперты выступілі на мерапрыемстве, закрануўшы такія тэмы, як асаблівасці выкарыстання штучнага інтэлекту ў розных кірунках бізнесу (ад маркетынгу і рэкламы да аналізу працы спецыялістаў тэхпадтрымкі і супрацоўнікаў кол-цэнтраў), магчымасці выкарыстання воблачных сэрвісаў для бяспекі бізнесу і IoT-тэхналогій – для павышэння яго эфектыўнасці. Прадстаўнікі А1 падзяліліся з удзельнікамі распрацоўкамі ў гэтых кірунках, якія кампанія мае ў сваім распараджэнні, і рэальным досведам іх выкарыстання як ва ўласнай практыцы кампаніі, так і ў кліенцкіх кейсах.

Асобнага абмеркавання ў ходзе А1 Tech Day-2024 заслужыла тэма інфармацыйнай бяспекі. Яна была разгледжана ў розных аспектах: ад бягучага стану Нацыянальнай сістэмы забеспячэння кібербяспекі і актуальных вектараў атак, учыненых кіберзлачынцамі, да розных інструментаў абароны і фармавання адпаведнай кіберкультуры – як унутры асобных арганізацый, так і грамадства ў цэлым. У прыватнасці, менавіта на гэта накіравана агульнанацыянальная інфармацыйная кампанія #Падумайце5секунд, якую кампанія А1 ініцыявала ў межах працы па інфармаванні карыстальнікаў пра махлярскія схемы і метады абароны ад іх.

 

Удзельнікі мерапрыемства маглі задаць выступоўцам любыя пытанні, якія іх цікавяць (у тым ліку ў рэжыме рэальнага часу праз пасрэдніцтва чат-бота). Акрамя таго, яшчэ адным важным складнікам А1 Tech Day стаў нетворкінг: жывыя размовы з магчымасцю абмяняцца думкамі, абмеркаваць новую інфармацыю і наладзіць неабходныя дзелавыя кантакты адно з адным.

 

Інфармацыйную падтрымку ў правядзенні канферэнцыі А1 Tech Day аказалі вядучыя інфармацыйныя рэсурсы Беларусі – БелТА, «Точка», Myfin, Onliner, OfficeLife, Prodelo, Probusiness.