А1 падтрымае паказы этычнай моды ад беларускіх дызайнераў на Belarus Fashion Week | Навiны | Пра кампанію

А1 падтрымае паказы этычнай моды ад беларускіх дызайнераў на Belarus Fashion Week

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларуская палата моды» пры падтрымцы кампаніі А1 праводзіць паказы этычнай моды ў рамках Belarus Fashion Week. Усе жадаючыя змогуць бясплатна паглядзець іх у эфіры відэасэрвісу VOKA 3 і 4 красавіка.

 

На Тыдні Моды будзе прэзентавана пяць калекцый беларускіх дызайнераў, створаных з прыродных матэрыялаў, каб паказаць, як у пошуках вырашэння экалагічных праблем сучаснасці змяняецца нават індустрыя моды.

 

«І спажыўцы, і дызайнеры пачынаюць усведамляць экалагічныя і сацыяльныя наступствы хуткай моды: павелічэнне выкідаў таксічных рэчываў ад тэкстыльных фабрык, забруджванне вады ад вытворчасці сінтэтычных валокнаў, дэградацыя глебы і выміранне лясоў. Таму так важна прасоўваць этычную і ўстойлівую моду, што мы і робім апошнія некалькі гадоў», – адзначыла заснавальніца Belarus Fashion Week і старшыня РГА «Беларуская палата моды» Яніна Ганчарова.

3 красавіка а 16-00 гледачы VOKA убачаць новую калекцыю ад дызайнера Паўла Кацэвіча і яго брэнда Key-to-art, створаную з натуральных экалагічных тканін – баваўняных, шарсцяных, а таксама выпрацаваных з крапівы ці эўкаліпта. Брэнд Zanka прэзентуе калекцыю «Думкі» з натуральнай пражы і тканін з дадаваннем перапрацаваных матэрыялаў. «Еду да таткі» – новыя працы Таццяны Тур, для якіх яна выбрала земляныя адценні і натуральныя тканіны, каб расказаць гісторыю пра ўзаемасувязь чалавека і прыроды, унутраныя сады і цуды штодзённасці. А брэнд «Кастрама» прэзентуе калекцыю «Плынь», створаную як напамін пра тое, што адзенне павінна быць прыгожым і зручным незалежна ад модных тэндэнцый.

 

4 красавіка ў 18-30 адбудзецца паказ Тамары Гарыдавец (Віцебск), заснавальніцы аднайменнага брэнда Harydavets – сукенкі-сарафаны, кафтаны, спадніцы-фартухі з лёну, бавоўны, бамбуку і натуральнага шоўку, натхнёныя прыгажосцю беларускай прыроды.

 

«Мода – з'яўляецца неад'емнай часткай беларускай культуры, а этычная мода дэманструе клопат гэтай індустрыі пра навакольнае асяроддзе. Вось чаму А1 як кампанія, якая надае ў сваёй дзейнасці шмат увагі падтрымцы нацыянальнай культуры і экаініцыятыў, выступае партнёрам модных паказаў. Гэта дазволіць нам не толькі прэзентаваць стылёвыя працы беларускіх дызайнераў, але і наглядна паказаць, як можна вырашыць праблему скарачэння вытворчасці адзення і адказнага выкарыстання прыродных рэсурсаў», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

Далучыцца да трансляцый паказаў можна на сайце voka.tv ці ў дадатку VOKA – з любой прылады і ў любой сетцы пасля аўтарызацыі па нумары тэлефона. Болей падрабязнай інфармацыі – на сайце http://www.bfw.by.