А1 падтрымаў праект «Метамарфозы горада» ў найбуйнейшым конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend
12 снежня адбыўся фінал найбуйнейшага ў Беларусі конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend 14. У традыцыйнай намінацыі «Па-беларуску» кампанія А1 адзначыла праект «Метамарфозы горада» з Віцебска. Па задуме аўтараў, на жылых дамах з'явяцца карціны беларускіх мастакоў, якія будуць свяціцца ў цёмны час. «Падсветка» будзе магчымая за кошт адмысловай фарбы, якая назапашвае святло.
Першую працу ў рамках праекта «Метамарфозы горада» аўтары прысвяцілі 100-гадоваму юбілею творчага аб'яднання UNOVIS, які адзначаць у 2020 годзе. Кампанія А1 разам з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча рэалізуюць шэраг уласных ініцыятыў у падтрымку праекта #UNOVIS100.
«Мы бачым, як развіваецца конкурс Social Weekend, як праекты робяцца «жывымі» і ўстойлівымі. Нам радасна падтрымаць рэгіянальную ініцыятыву аб мастацкай і інтэлектуальнай спадчыне Беларусі. Бо мастацтва – мова. І выдатна, што на гэтай мове зможа «загаварыць» вялікая колькасць людзей», – адзначыла спецыяліст групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Кацярына Севасцьянчук.
Больш як 321 заяўка на ўдзел, 50 праектаў, якія прайшлі навучанне, 18 фіналістаў – такія вынікі конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend 14. Конкурс аб'яднаў такія праекты, як школа для бацькоў па навучанні навыкам даўрачэбнай дапамогі дзецям, стварэнне пляцоўкі для папулярызацыі акадэмічнага музычнага мастацтва ў рэгіёнах, школа бяспекі для жанчын, dog-friendly таксі. Уладальнікам Гран-Пры 14-га конкурсу прызнаны праект «Rebottle», які прапануе раздрукоўваць на 3d-прынтары вулічную мэблю з ПЭТ-бутэлек.