А1 пачаў работы па забеспячэнні сувязі на трэцяй лініі мінскага метро | Навiны | Пра кампанію

А1 пачаў работы па забеспячэнні сувязі на трэцяй лініі мінскага метро

У рамках падрыхтоўкі да здачы ў эксплуатацыю трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна правайдар тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг A1 распачаў работы па запуску мабільнай сувязі і інтэрнэту на станцыях новай веткі, а таксама ў перагонах паміж імі.

 

Работы па забеспячэнні сувязі трэцяй лініі сталічнага метро на дадзены момант вядуцца на 3,5-кіламетровым першым пускавым участку, які ўключае станцыі «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча». Пасля яго адкрыцця пасажыры новай лініі змогуць здзяйсняць галасавыя выклікі, у тым ліку ў фармаце HD-Voice, і карыстацца мабільным інтэрнэтам на платформах станцый і падчас руху саставу – дакладна гэтак жа, як на ўсёй працягласці дзвюх ужо дзеючых ліній.

 

Работы на новым участку Мінскага метрапалітэна будуць весціся на аснове рашэння, якое спецыялісты кампаніі А1 раней распрацавалі для запуску сувязі ў тунэлях Аўтазаводскай і Маскоўскай ліній. З чэрвеня 2019 года яно паспяхова выкарыстоўваецца на ўсіх існых участках мінскага метро, забяспечваючы пасажыраў бесперапыннай мабільнай сувяззю і 3G-інтэрнэтам на ўсім працягу паездкі.

 

Рашэнне заключаецца ў пракладцы выпрамяняльнага кабелю (фідара), які падключаецца да базавых станцый і служыць для перадачы ўстойлівага сігналу замест звыклых антэн сотавай сувязі. У дадзены момант выконваюцца падрыхтоўчыя работы па яго пракладцы ў двух тунэлях паміж станцыямі «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная».