А1 пачаў продажы абсталявання для пабудовы «інтэрнэту рэчаў»
Кампанія А1 пачынае продажы абсталявання для «інтэрнэту рэчаў». Распрацоўшчыкі IoT-рашэнняў для бізнесу і канцавых карыстальнікаў зараз могуць набыць спецыяльныя NB-IoT-модулі для пабудовы сваёй «разумнай» сеткі і падключыцца на спецыяльны тарыф «Тэлеметрыя NBIOT» на выгадных умовах.
NB-IoT – перадавы стандарт мабільнай сувязі для абмену данымі паміж лічбавымі прыладамі. Сетка NB-IoT ад А1 сёння даступная ва ўсіх абласных і буйных рэгіянальных гарадах Беларусі і дазваляе атрымліваць даныя ад шырокага спектра аўтаномных прылад: розных датчыкаў, лічыльнікаў, сістэм «разумнага дома» і іншых. Гэтую тэхналогію ўжо выкарыстоўваюць прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і энергетычнага комплексу, лагістычныя кампаніі, а таксама інавацыйныя кампаніі, якія развіваюць канцэпцыю «разумнага горада».
А1 прапануе юрыдычным асобам, якія займаюцца распрацоўкай прылад для IoT-сістэм, набыць модулі, неабходныя для іх падключэння да сеткі NB-IoT Quectel BC68JA-02-STD. Модуль адрозніваецца кампактнасцю памераў, звышнізкім энергаспажываннем і шырокім дыяпазонам працоўных тэмператур, што робіць яго лепшым выбарам для разнастайных IoT-рашэнняў.
Акрамя NB-IoT-модуля ў продаж паступае і наладкавая плата Quectel BC68JATEB, прызначаная для тэставання працы забяспечаных модулямі прылад. І модуль, і наладкавая плата выраблены кампаніяй Quectel Wireless Solutions, адным з буйнейшых сусветных пастаўшчыкоў модуляў сотавай сувязі і навігацыі.
Для пакупнікоў модуля Quectel BC68JA-02-STD кампанія А1 прапануе спецыяльныя ўмовы: яны атрымаюць бясплатны SIM-чып замест стандартнай SIM-карты, а таксама месяц бясплатнага карыстання тарыфам «Тэлеметрыя NBIOT». Ён забяспечвае абмен данымі ў NB-IoT-сетцы, дазваляючы падключыць да адной базавай станцыі да 50 тыс. прылад (у тым ліку ў такіх складаных з пункту гледжання пранікнення сігналу месцах, як падземныя паркоўкі, цокальныя паверхі, калодзежы і г. д.).